Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАЦЫ АСУДЗІЛА ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ПРАФСАЮЗАЎ У БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Факты парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы разглядаліся асобна — такое бывае нячаста. Пра тое, як адбывалася абмеркаваньне, пасьля паседжаньня ў інтэрвію нашаму радыё паведаміў Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Там вельмі жорсткая размова ішла. Урад Нямеччыны сказаў: мы думалі, што ў вас “райскі сад”, а ў вас усё наадварот атрымліваецца. І Румынія, і Францыя, і скандынаўскія краіны выказваліся прыкладна гэтак жа. Дзьве гадзіны абмяркоўвалася пытаньне Беларусі, у той час калі іншыя — 30–40 хвілінаў”.

У выніку абмеркаваньня з аргумэнтамі афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ўскосна пагадзілася толькі Куба. Астатнія краіны сьвету падтрымалі рашэньне пра асобны параграф у справе Беларусі ў выніковай рэзалюцыі МАП. У ім гаворыцца пра парушэньні ўрадам Беларусі прынцыпаў свабоды аб’яднаньняў, а таксама невыкананьне рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы дзеля выпраўленьня становішча. Вось як гэта пракамэнтаваў лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Гэта вельмі рэдкая зьява, і трэба было бачыць, наколькі прадстаўнікоў розных краінаў турбавала вось гэтае пытаньне — парушэньне правоў прафсаюзаў у Беларусі. Акрамя таго, турбавала й тое, што наш урад ня хоча гэтага прызнаваць. Напэўна, прывыклі маніпуляваць гэтымі пытаньнямі ў сябе ў краіне й думалі, што гэтак жа проста ўсё гэта можна рабіць і на міжнародным узроўні. Але тут спрацоўваюць такія моцныя дэмакратычныя мэханізмы, што гэта немагчыма зрабіць. Гэта ня нашая віна, што так адбываецца, бо ёсьць пэўныя сілы і пэўныя людзі, якія шмат робяць, каб імідж нашай краіны вось гэтак запісваўся ў адмысловы параграф”.

Аднак, паводле яго, гэта яшчэ не азначае, што адносна Беларусі аўтаматычна будуць прынятыя дыскрымінацыйныя санкцыі. Міжнародная арганізацыя працы дае магчымасьць ураду краіны выправіць цяперашняе становішча. Як гэта будзе зроблена, зможа пераканацца выканаўчы дырэктар МАП Кары Капіёла, які зьбіраецца наведаць Беларусь у жніўні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG