Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ГУМАНІТАРНЫМ ЛІЦЭІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА КОМПЛЕКСНАЯ ПРАВЕРКА ЗЬ МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ


Любоў Лунёва, Менск

Праверка сёньня будзе працаваць трэці дзень. Кіраўніцтва ліцэю скардзілася, што выкладнікі вымушаныя аддаваць увагу нейкім пытаньням чыноўнікаў, замест каб засяродзіцца менавіта на экзамэнах. Бацькі на сходзе вырашылі накіраваць адкрыты ліст міністру адукацыі Пятру Брыгадзіну. У сваім лісьце яны патрабуюць, каб міністар спыніў праверку, якая супярэчыць звычайнай практыцы. Ніколі раней міністэрства не накіроўвала комплексную праверку падчас экзамэнаў.

У ліцэі менавіта на гэты момант прыпалі і ўступныя экзамэны, і пераводныя з курсу на курс, і выпускныя экзамэны. Спачатку члены камісіі абяцалі, што будуць толькі правяраць фінансавыя дакумэнты, але потым паведамілі, што іх цікавяць навучальная і мэтадычная праца. У такіх умовах выкладнікі вымушаныя адказваць на нейкія пытаньні праверкі, тлумачыць ім скарачэньні ў журналах ды іншае. Нэрвовая атмасфэра адбіваецца і на дзецях. Яны казалі, што ім цяжка засяродзіцца на экзамэнах. Вось бацькі й вырашылі патрабаваць ад міністэрства спыніць гэтую праверку.

Грамадзкасьць выказвае падтрымку калектыву ліцэю. А ў ліцэі ідзе падрыхтоўка да вечарыны, на якую запрасілі міністра і ягоных намесьнікаў, а таксама ўсіх амбасадараў. Дзеці рэпэтуюць штодня. Яны самі зьбіраюцца і робяць усё самастойна без дарослых. Ім вельмі падабаецца гэты працэс — яны ўжо рыхтуюць самі запрашэньні, малююць плякаты, упрыгожваюць актавую залю.

Акрамя падрыхтоўкі да вечарыны, дзеці рыхтуюцца да прэм’еры спэктаклю “Паўлінка”. У спэктаклі задзейнічаныя ліцэісты ад першага да чацьвертага курсаў. Яны таксама запрашаюць усіх, хто жадае — з усяго відаць, зь якім хваляваньнем яны чакаюць прэм’еры. Цікава, што і тыя, хто не задзейнічаны ў спэктаклі, хвалююцца ня меней. Яны дапамагаюць рабіць дэкарацыі пасьля заняткаў і непакояцца, што не хопіць месцаў усім жадаючым.

Мастакі суполкі “Пагоня” таксама маюць намер зрабіць экспазыцыю сваіх твораў. Яны мяркуюць разьмясьціць карціны на сьценах калідораў. Вядомыя рок-гурты таксама выказаліся, што правядуць канцэрт у падтрымку ліцэю. Хутчэй за ўсё праз тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG