Да апошняга часу, што цікава, ніколі не заяўлялася, што бакі хоць крыху адышлі ад сваіх непахісных пазыцыяў. Цэнтральны банк Расеі настойваў на сваім выключным праве на эмісію расейскага рубля і пасьля пераходу на яго Беларусі, афіцыйны Менск дамагаўся парытэту. Цяпер згода, як кажуць адныя, ці капітуляцыя, як мяркуюць іншыя, нібыта дасягнутая. Але ў чым яна палягае? Што ў сёньняшніх заявах ад эканомікі, што ад палітыкі, а што ад чыстай вады піару?
Больш-менш зразумелай выглядае заява намесьніка старшыні Нацянальнага банку Беларусі Паўла Калаўра, што эмісіяй наяўнага рубля пасьля грашовага аб’яднаньня будзе, як і цяпер, займацца выключна Цэнтральны банк Расеі. “Мы і не прэтэндавалі на права эмісіі наяўных грошай”, – падкрэсьліў Калаўр. Што таксама зразумела. Сапраўды, асноўная маса грошай – прыблізна 90% – што ў Беларусі, што ў Расеі – гэта безнаяўныя грошы. Хто кантралюе іх, той кантралюе ўсё. А хто іх будзе кантраляваць, паводле нібыта дасягнутай згоды паміж галоўнымі банкамі Беларусі і Расеі? З той інфармацыі, што мы маем, адказ не адназначны.
Нават са словаў сп. Калаўра вынікае, што на кантроль безнаяўнай эмісіі адзінай валюты Беларусь прэтэндавала і прэтэндуе. І фармулёўкі наконт таго, што Расея атрымае прыярытэт у пытаньнях эмісіі, якія будуць тычыцца яе ўнутраных праблемаў, выглядаюць мітынговымі лёзунгамі, а не дакладным разьвязаньнем вострага пытаньня. Заява пра формулу згоды, што прагучала сёньня, можа быць капітуляцыяй Менску. А можа і ня быць. Можа быць чарговай размовай сьляпых з глухімі. Магчыма, расейцы зразумелі яе так, што эмісіяй будуць займацца яны выключна, а беларусы – так, што – як яны і хацелі – эмісійнае права за Нацыяльным банкам захаваецца.
Урэшце рэшт, аб’яднаньне заплянаванае праз паўтара году. Летась у красавіку Аляксандар Лукашэнка таксама паабяцаў да 1 ліпеня сёлета прадаць “Белтрансгаз” “Газпраму”. 1 ліпеня праз два тыдні, і вось менавіта сёньня разам з інфармацыяй пра згоду наконт эмісіі прагучала таксама паведамленьне, што згоды наконт прыватызацыі “Белтрансгазу” няма дагэтуль.
З другога боку, варта зьвярнуць увагу на заяву Паўла Калаўра пра тое, што рэалізацыя дасягнутай эмісійнай схемы запатрабуе зьмены Канстытуцыі Беларусі, што магчыма зрабіць толькі праз рэфэрэндум. Пэрспэктыва рэфэрэндуму пра канстытуцыйны акт выглядае ўсё менш пэўнай, але час падціскае. Магчыма, менавіта таму цяпер і ўзьнікла ідэя іншага, менш амбіцыйнага рэфэрэндуму – ужо не пра дзяржаўнае аб’яднаньне, а толькі пра грашовае. Ну а разам з гэтым пытаньнем можна, зразумела, прапанаваць і іншыя.
Пакуль не абнародаваныя дэталі згоды ў эмісійным пытаньні, цяжка сказаць, якую пагрозу эканамічнаму сувэрэнітэту Беларусі нясе гэтае рашэньне. Пэўную, безумоўна, нясе, хаця ня выключана, што мы маем справу з чарговай спробаю пры дапамозе рыторыкі прыхаваць супярэчнасьці, якія нікуды не падзеліся.