З пачатку гэтага году дзеля эканоміі сродкаў ва Ўваравіцкім шпіталі зачынілі дзіцячае аддзяленьне на 20 ложкаў. Скарацілі шэраг пэрсаналу, частку тэрапэўтычнага аддзяленьня, скасавалі жаночую кансультацыю. І гэта пры тым, што ў зоне абслугоўваньня жыве звыш 1300 дзяцей і амаль 4000 жанчын дзетароднага ўзросту.
Распавядае маці траіх дзяцей Ірына Куцік — цяпер ёй, як і іншым мацяркам, вазіць дзяцей на лячэньне трэба ў Буда-Кашалёва, за два дзясяткі кілямэтраў.
(Куцік: ) “Дабрацца праблема. Транспарт вельмі рэдка ходзіць. З аддаленых вёсак наогул цяжка выбрацца. Туды заедзь ранкам, і толькі ўвечары выедзеш з Буды. А ў Будзе такія чэргі — не патрапіць”, — кажа маладая маці.
Перагружанае раённае мэдычнае аб’яднаньне нярэдка накіроўвае дзяцей на абсьледаваньне назад ва Ўваравічы. І асабліва з тых сем’яў, каго пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Ня маючы спэцыялізаванага аддзяленьня, дзяцей шпіталізуюць у інфэкцыйнае. Яны ляжаць тут і тры тыдні, і месяц.
Цяпер у інфэкцыйным аддзяленьні таксама знаходзяцца два маленькія хлопчыкі. Сьведчыць загадчыца дзіцячай кансультацыі Тацяна Горбач:
(Горбач: ) “Паколькі ў Буда-Кашалёве бракуе месцаў, то просяць, каб мы абсьледавалі такіх дзяцей на ўсе хваробы, якія можна, і на пазбаўленьне мацярынства. А ў інфэкцыйным аддзяленьні дзеці павінны лячыцца з інфэкцыйнымі хваробамі”.
Галоўны лекар шпіталю Валеры Казачкоў на прыкладзе сваёй установы ілюструе неразважлівае скарачэньне мэдычнай дапамогі там, дзе ёсьць патрэба і магчымасьць аказваць яе насельніцтву.
(Казачкоў: ) “Быў пабудаваны тыповы трохпавярховы шпіталь з усімі кабінэтамі, службамі. Калі паступова ўсё ўразаць, застанецца толькі будынак. У нас ужо паверх пустуе. Бракуе чатырох лекараў, хаця Гомельскі мэдінстытут побач. Проста няма жытла для маладых спэцыялістаў. Калі ёсьць шпіталь, трэба напаўняць яго новым абсталяваньнем для дыягностыкі й лячэньня людзей. А мы ідзем такім шляхам: няма грошай — усе зачыняць, скасоўваць. Кірунак ня той!” — лічыць спадар Казачкоў.
Лёс зачыненага дзіцячага аддзяленьня моцна турбуе жыхароў Уваравічаў і навакольных вёсак. Людзі сталі скардзіцца свайму дэпутату пасялковага і раённага саветаў Ігару Кекелеву.
(Кекелеў: ) “Я зьвяртаўся да галоўнага буда-кашалёўскага лекара Ядранцава з запытам. Ніякага адказу пакуль не атрымаў. Аналягічны запыт рабіўся мэдыкамі Ўваравіцкага шпіталю да начальніка ўправы аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму спадара Крысенкі наконт аднаўленьня дзіцячага аддзяленьня. Яны таксама адказу не атрымалі. Складваецца ўражаньне, што чыноўнікам ад мэдыцыны не патрэбныя ні дзеці, ні іх здароўе, ні мацяркі”, — заявіў дэпутат Кекелеў.