Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНТОНУ КІШКУРНУ ПАГРАЖАЮЦЬ РЭПРЭСІЯМІ


Любоў Лунёва, Менск

Супрацоўнікі Савецкага аддзелу міліцыі выклікалі Антона Кішкурну і папярэдзілі, што, калі ён не заплаціць штраф, яго зноў будуць судзіць і тады пасадзяць на некалькі сутак.

Нагадаем, 26 сакавіка намесьнік начальніка Савецкага РУУС Яўген Гуранкоў і двое ягоных падначаленых зьбілі Антона Кішкурну, калі той чакаў у аўтамабілі свайго бацьку. У той дзень судзілі затрыманых за сьвяткаваньне Дня Волі. Антона адвезьлі ў дзяжурную частку міліцыі, і калі ўбачылі, што ў яго зламаная рука, склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Антону зрабілі апэрацыю. Ён доўгі час быў у гіпсе і дагэтуль ня можа працаваць.

Гэта не перашкодзіла судзьдзі Аксане Рэляве пакараць Антона штрафам паводле абвінавачаньняў міліцыянтаў. Пракуратура Савецкага раёну адмовілася распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, спаслаўшыся на заключэньне судмэдэкспэрта. Паводле яго, у Антона рука была зламаная яшчэ летась.

Адвакат Антона Кішкурны Сяргей Цурко падаў скаргу ў гарадзкую пракуратуру. Паколькі судмэдэкспэртаў падпарадкавалі пракуратуры, на ягоную думку, сёньня нельга цалкам давяраць іх заключэньням.

(Цурко: ) “З гледзішча закону давяраць мы павінны ўсім. Але з пункту гледжаньня рэаліяў пра аб’ектыўнасьць казаць не прыходзіцца. Тут ёсьць пытаньне. Напрыклад, сьледчы пракуратуры прызначае правядзеньне судмэдэкспэртызы і даручае правесьці яго падразьдзяленьню пракуратуры. Канечне, паўстае пытаньне аб’ектыўнасьці. Экспэрты павінны кіравацца толькі законам”.

Антону Кішкурну 19 гадоў. Ён раней ніколі ня меў справаў з праваахоўчымі органамі. Бацькі непакояцца, што хлопец даволі рана сутыкнуўся зь нясправядлівасьцю. Маці Антона Валянціна Кішкурна абураная яшчэ й тым, што міліцыянты выклікалі сына і пагражалі яму.

(В.Кішкурна: ) “Майго сыночка зьбілі, зламалі руку, нанесьлі маральную траўму. Дык цяпер яшчэ й патрабуць заплаціць штраф. Антон не працуе, бо рука яшчэ баліць. Адкуль узяць грошы, незразумела. Я абураная гэтым бяспраўем. Антон таксама. Ён вельмі засмучаны. Ня ведаю, калі гэта ўсё скончыцца”.

Адвакат Антона Кішкурны будзе падаваць скаргі ва ўсе інстанцыі, каб выканаць усе неабходныя працэдуры для звароту ў Камітэт правоў чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG