Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАСТКУ НАДРУКАВАНАГА Ў РАСЕІ НУМАРУ “БДГ” СКАНФІСКАВАЛІ СУПРАЦОЎНІКІ МЕНСКАЙ АБЛАСНОЙ МІЛІЦЫІ


Юры Сьвірко, Менск

Міліцыянты працягваюць перасьлед “БДГ”, які распачалі яшчэ ўначы затрыманьнем мікрааўтобусу з накладам чарговага нумару. Адпусьціўшы мікрааўтобус а 3-й гадзіне начы, яны схамянуліся праз 14 гадзін і прыехалі на вуліцу Інтэрнацыянальную, 11-а, дзе месьціцца аддзел распаўсюду “БДГ”. Яны забралі ўсе асобнікі “Предпринимательской газеты”, якія знаходзіліся ў гэтым офісе. Распавядае Любоў Вашкевіч, намесьніца дырэктара прадпрыемства “Марат”, якое выдае “БДГ”:

(Вашкевіч: ) “Як гэта было. Прыйшлі чалавек 6 ці 7 у цывільным, без усялякага прадпісаньня, без усялякіх дакумэнтаў пра выемку, адбіраньне чаго-небудзь. Мне адразу патэлефанавалі, наш аддзел дастаўкі ў Цэнтральным раёне, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, мы сядзім у Кастрычніцкай, на Чкалава.

Я папрасіла прадставіцца гэтага афіцэра, яго прозьвішча Грахоўскі Ігар Анатольевіч. Ён прадставіўся афіцэрам УУС Менаблвыканкаму. Я задала пытаньне: “А што вы робіце на тэрыторыі Цэнтральнага раёну гораду Менску?” Ён сказаў, што гэта пытаньне не да яго. Я прасіла пачакаць роўна 10 хвілінаў, пакуль я даеду. Я кіраўнік — каб усё гэта рабілася належным чынам, як прадпісвае нашая нарматыўна-прававая база. Калі я прыехала, усё ўжо было зроблена. Без 20 пяць мне патэлефанавалі, без 10 пяць я была ўжо на месцы, і яны за 5 хвілінаў усё адабралі. Яны хутка напісалі акт.

Яны сказалі, што паводле закону аб міліцыі яны маюць права рабіць усё. Але так можна ўвогуле ўсё вынесьці зь любой кватэры паводле закону аб міліцыі. Яны сканфіскавалі ў нас рэшту — 1600 асобнікаў ад накладу, а наклад быў 15 тысяч. Усё астатняе мы ўжо распаўсюдзілі й прадалі. Яны гэтую рэшту сканфіскавалі, пакідалі яго хутка ў машыну, усе селі ды зьехалі”.

Я патэлефанаваў у прэсавую службу УУС Менскага аблвыканкаму, але там пра гэты выпадак нічога ня ведалі й сказалі, што знайсьці супрацоўніка з прозьвішчам Грахоўскі будзе цяжка — “мы ж усіх супрацоўнікаў ня ведаем”.

Яшчэ ў Воршы за пераездам газэты з Расеі ў Беларусь сачыла здымачная група НТВ, але непрыемнасьці напаткалі мікрааўтобус ужо ў Менску. Распавядае галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “А 12-й начы аўтобус з накладам “Прадпрымальніцкай газэты” — гэта быў супольны выпуск з “Белорусской деловой газетой” на кальцавой на пасту ДАІ быў затрыманы, і на той падставе, што, паводле апэратыўных зьвестак, у машыне наркотыкі, наш наклад павезьлі ў РУУС. Ніхто з тых, хто затрымліваў наклад, не прадставіўся, не назваў свайго прозьвішча, ніякіх пасьведчаньняў не прад’яўляў. Яны настойвалі на тым, каб машына й газэты засталіся на тэрыторыі Першамайскага РУУС. Вы разумееце — што мы маглі ўранку ўбачыць у гэтай машыне. У тым ліку, няцяжка здагадацца, гэта маглі быць і наркотыкі. Таму да 3-й гадзіны начы мы змагаліся за тое, каб нам аддалі наклад ці арышт яго аформілі як належыць”.

Аднак падставаў арыштоўваць наклад “Предпринимательской газеты” з матэрыяламі “БДГ” не было. Паводле сьведкаў, міліцыянты ня ведалі, як афармляць дакумэнты, адмысловых указаньняў зьверху на гэты конт не атрымалі, таму былі вымушаныя наклад газэты адпусьціць.

(Калінкіна: ) “Пасьля таго, як па тэлефоне адзін зь міліцыянтаў некаму прачытаў усе загалоўкі нашай газэты й караценечка расказаў, пра што матэрыялы, было нарэшце прынятае рашэньне, каб тыраж адпусьціць. Так а 3-й гадзіне начы газэта паехала ў аддзел распаўсюду”.

Але распаўсюджваць газэту звычайным шляхам ня будуць. Спадарыня Калінкіна заявіла, што існуе забарона прадаваць усе выданьні з матэрыяламі “БДГ” у шапіках “Белсаюздруку” і на пошце. Таму галоўная рэдактарка “БДГ” заклікае падпісчыкаў зьвяртацца ў рэдакцыю па новыя нумары. Паводле Сьвятланы Калінкінай, улады не дазволілі аддрукаваць чарговы нумар штотыднёвіка “Салідарнасць”, хаця на гэты раз у ім артыкулаў журналістаў “БДГ” не было.

Навіна прыйшла таксама з Вышэйшага гаспадарчага суду, дзе ўжо ў гэты чацьвер мусілі разглядаць пазоў “БДГ” з пратэстам супраць папярэджаньня Міністэрства інфармацыі за артыкул “Дзе лявонаўскія мільёны?” — пра судовы працэс над былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым.

(Калінкіна: ) “Як няцяжка здагадацца, у такіх выпадках судзьдзі ў нас часта хварэюць. Вось гэта й адбылося. Нам патэлефанавалі, але новай даты, калі будзе суд, і нейкага афіцыйнага паведамленьня мы пакуль не атрымлівалі”.

Такім чынам, першае судовае паседжаньне па справах “БДГ” адбудзецца толькі 17 чэрвеня, калі Вышэйшы гаспадарчы суд будзе разглядаць пазоў рэдакцыі да Міністэрства інфармацыі наконт папярэджаньня за публікацыю “Барскі імідж” — пра выкарыстаньне прэзыдэнцкага самалёту.
XS
SM
MD
LG