Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ СУДЗЯЦЬ “ГРАМАДЗЯНСКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Трэці дзень судовага разьбіральніцтва пад старшынёўствам Алены Краўчанкі так і ня даў адказу на асноўную прэтэнзію ўправы юстыцыі аблвыканкаму да “Грамадзянскіх ініцыятываў”: ці скарыстоўвала аб’яднаньне кампутарную тэхніку, атрыманую ад замежных фундатараў, на нестатутныя мэты? У дадзеным выпадку — на выпуск інфармацыйных бюлетэняў, што забаронена дэкрэтам №8.

Прадстаўнікі ўправы юстыцыі Сяргей Новікаў і Кацярына Марозава не змаглі патлумачыць суду, якая менавіта тэхніка ад замежнікаў ёсьць у “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Падаючы пазоў, управа юстыцыі нават не высьвятляла гэтую акалічнасьць.

Пракурор Галіна Судар, якая выступае на судзе ад імя абласной пракуратуры, яшчэ ўчора заявіла хадайніцтва, каб “Ініцыятывы” прывезьлі ў суд дакумэнтацыю пра наяўнасьць тэхнікі і каб выкліканы быў падатковы інспэктар Юры Хадасок. Аднак сёньня і спадар Хадасок ня змог нічога патлумачыць пра тэхніку, атрыманую “Ініцыятывамі” ад замежных арганізацыяў. Заявіў толькі, што высновы пра нямэтавае выкарыстаньне кампутараў робяць кампэтэнтныя органы — якія менавіта, не ўдакладніў нават пасьля запытаў.

Пракурор Галіна Судар запатрабавала далучыць да судовай справы шэраг тлумачэньняў кіраўнікоў “Ініцыятываў”, напісаных для падатковай інспэкцыі. Тлумачэньні ніякім чынам не датычаць пазоўных прэтэнзіяў управы юстыцыі. На паседжаньнях суду спадарыня Судар заяўляла пра нібыта вядомыя ёй падробкі дакумэнтаў кіраўнікамі “Грамадзянскіх ініцыятываў”.

Старшыня аб’яднаньня Віктар Карніенка і ягоны прадстаўнік Леанід Судаленка рабілі адмысловыя заявы суду адносна домыслаў пракурора Галіны Судар.

Пра пералом у судовым працэсе над “Грамадзянскімі ініцыятывамі” распавёў нашаму радыё прадстаўнік Беларускага Гельсынскага камітэту ў рэгіёне Віктар Адзіночанка.

(Адзіночанка: ) “Калі да гэтага судзьдзя дэманстравала нейкую аб’ектыўнасьць, то фактычна з учорашняга дня рэй на судзе вядзе пракурор. Яна фармулюе праблемы. Віктар Карніенка падкрэсьліваў, што мы не адмаўляем, што ў нас ёсьць тэхніка ад замежнікаў, але ў пазове было заяўлена, што выкарыстоўваем яе нямэтавым чынам. Давайце гэта дасьледаваць. Аднак суд пайшоў ня ў тым кірунку.

Апрача таго, я лічу, што выказваньні пракурора дэманструюць адкрытую непавагу да прадстаўнікоў “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Простыя абвінавачаньні ў тым, што яны могуць падманваць суд і гэтак далей. Фактычна судовае паседжаньне вядзе пракурор”, — кажа прадстаўнік Беларускага Гельсынскага камітэту спадар Адзіночанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG