Напярэдадні прадстаўнік пракуратуры адмовіўся падтрымліваць абвінавачваньні Калугіна па шэрагу эпізодаў справы, а паводле астатніх прасіў суд вызваліць яго ад адказнасьці, скарыстаўшыся амністыяй. Аднак сам Леанід Калугін з такой прапановай ня згодны. Ён просіць суд апраўдаць яго паводле ўсіх абвінавачаньняў як невінаватага.
Нагадаем, Калугіна абвінавацілі ў службовай нядбайнасьці й незаконных фінансавых апэрацыях. Ягоную справу вялі сьледчыя дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю. Падчас сьледзтва Калугіна больш за паўгоду трымалі за кратамі, у тым ліку прымусілі прайсьці экспэртызу ў псыхіятрычным шпіталі.
Працэс над Леанідам Калугіным цягнуўся больш за месяц і, на думку адвакатаў падсуднага, паказаў беспадстаўнасьць абвінавачаньняў. Калі суд яго апраўдае, магчыма, узьнікне пытаньне аб адказнасьці сьледчых Дзяржкантролю за незаконнае затрыманьне былога дырэктара.