Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАБРЭЙСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ ПАТРАБУЮЦЬ АД ЛУКАШЭНКІ СПЫНІЦЬ АНТЫСЭМІТЫЗМ


Валер Каліноўскі, Менск

Апошні час адразу некалькі габрэйскіх мэмарыялаў пацярпелі ад дзеяньняў вандалаў, у тым ліку быў апаганены абэліск на “Яме”, месцы зьнішчэньня жыхароў габрэйскага гета ў Менску. Выпадкі апошніх дзён — разбурэньне дзясяткаў помнікаў на гомельскіх могілках у прыгарадах Асаўцы і Навабеліцы. Дырэктар Гомельскага спэцкамбінату Аляксандар Папоў паведаміў Свабодзе, што гэтым разам былі разбураныя надмагільлі ня толькі габрэяў, але і беларусаў, і таму ён не разглядае гэтыя факты вандалізму як праяву антысэмітызму.

Тым ня менш, габрэйскія арганізацыі занепакоеныя ростам фактаў вандалізму на габрэйскіх мемарыялах. Сёньня яны накіравалі з гэтай нагоды зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Ліст падпісалі прэзыдэнт Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў Беларусі Леанід Левін, кіраўнік Аб’яднаньня юдэйскіх грамадаў Беларусі Эдуард Парыж ды яшчэ 10 габрэйскіх лідэраў.

Яны асабліва занепакоеныя беспакаранасьцю злачынцаў, якія апаганьваюць помнікі, малююць свастыку і пішуць антысэміцкія лёзунгі. Гаворыць адзін з аўтараў звароту кіраўнік грамады прагрэсіўнага юдаізму Якаў Басін:

(Басін: ) “Адэкватнай рэакцыі ўладаў на вандалізм на могілках, на нэанацысцкія графіці на вуліцах гораду мы ня бачым на працягу апошніх 15 гадоў. Я ня памятаю выпадку, калі б вандалаў затрымалі, далі гэтай справе грамадзкую афарбоўку, каб былі публікацыі ў газэтах, асуджэньне, каб кагосьці пакаралі. Дзяржава робіць выгляд, што гэта выпадковае хуліганства”.

Якаў Басін падрыхтаваў справаздачу аб праявах антысэмітызму ў Беларусі, якую ён агучыць на канфэрэнцыі па антысэмітызме пад эгідай АБСЭ, што пройдзе 19–20 чэрвеня ў Вене.

Габрэйскія лідэры патрабуюць у Лукашэнкі прыкласьці намаганьні, каб “спыніць беззаконьне, пакласьці канец нэанацызму, што нараджаецца”. Яны прыводзяць прыклады апошніх праяваў антысэмітызму, пагрозаў на адрас габрэяў, антысэміцкіх выказваньняў прэзыдэнцкага ідэоляга Эдурда Скобелева ды іншых прапаведнікаў шавіністычных поглядаў у дзяржаўных СМІ.

Якаў Басін асабліва не разьлічвае на рэакцыю Лукашэнкі, хаця на ягоную думку, перш за ўсё кіраўнік дзяржавы мусіў бы звольніць Скобелева, які цяпер, мяркуе спадар Басін, выконвае ролю правадніка шавінізму, якая раней належала В.Бегуну.

У Камітэце ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне Беларусі адрэагавалі на апошнія падзеі. Гаворыць намесьнік старшыні камітэту Ўладзімір Ламека:

(Ламека: ) “Мы гэтыя факты заўсёды адсочваем і даем запыты ў МУС. Паводле зьвестак, уся статыстыка сьведчыць, што бясспрэчна, гэтыя факты ёсьць. Калі ж глядзець у агульнанацыянальных маштабах па ўсёй рэспубліцы, то гэта зьвязана ня толькі з антысэмітызмам, а зьвязана наогул, я б сказаў, з праблемамі й выдаткамі ў сыстэме выхаваньня нашай моладзі”.

Уладзімер Ламека, а таксама ягоны падначалены Юры Ўральскі з Камітэту ў справах рэлігіяў заяўляюць, што ўрад дастаткова робіць у барацьбе з антысэмітызмам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG