Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАЛГАСЕ ІМЯ ЎЛЬЯНАВА УЗЬДЗЕНСКАГА РАЁНУ АДБЫЎСЯ СТРАЙК


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Страйк вяскоўцаў справакавала доўгатэрміновая нявыплата заробкаў. У калгасе імя Ўльянава грошы не выплачваліся са студзеня. Калгасьнікі выставілі кіраўніцтву гаспадаркі ўльтыматум — разьлічыцца да 9 чэрвеня. Аднак гэтае патрабаньне было праігнараванае. І тады вяскоўцы абвесьцілі страйк. Распавядае даярка Ірына Вабішчэвіч:

(Вабішчэвіч: ) “Мы страйкавалі ўсім калгасам. І мэханізатары, і даяркі, і паляводы. Больш як 50 чалавек. Не выяжджалі ў поле мэханізатары. Каровы былі без вады. Прыяжджаюць, абяцаюць і не выконваюць. Таму ніхто не даіў кароваў. Спынілі страйк пасьля выплаты 50% заробкаў. Каму выплацілі 80 тысяч рублёў, каму 100 тысяч. Хай бы на месяц ці на два затрымалі, а то на паўгоду. Хіба так можна: у магазіне малако даражэй, чымсьці мы здаём”.

Паводле тлумачэньня старшыні калгасу Сяргея Ачапоўскага, канфлікт справакаваў Узьдзенскі малаказавод, які нібыта затрымлівае грошы за здадзенае калгасьнікамі малако. Намесьнік старшыні Узьдзенскага райвыканкаму Міхаіл Лапотка так пракамэнтаваў падзеі ў калгасе Ўльянава:

(Лапотка: ) “Заробак яны атрымалі. Але вырашылі правесьці страйк. Больш я нічога не скажу”.

Як лічыць загадчык калгасных майстэрняў Уладзімер Крэмез, акцыя мела посьпех. Безь яе б калгасьнікі працягвалі б жыць бяз грошай. А начальства, паводле ягоных словаў, працягвала б карміць абяцанкамі — тым, што разьлічыцца напярэдані жніва, затым — пасьля жніва. Даяркі ж больш стрымана ацэньваюць вынікі пратэсту. Вось як мяркуе Ірына Вабішчэвіч:

(Вабішчэвіч: ) “Я прасіла, каб усе грошы аддалі. Але яны не аддалі. Дый такая сытуацыя не ў адной мяне”.

(Карэспандэнт: ) “ А калі яны паабяцалі аддаць доўг?”

(Вабішчэвіч: ) “Ніхто нічога не гаворыць. І старшыня ж знайшоў дзесьці грошы. А чаму ж раней не аддаваў?! Чаму не затрымліваюць заробкі “беламу дому”? Хай бы яны хаця б месяц пажылі без заробкаў, а іх аддалі б калгасьнікам. Дык не ж ! Яны глядзяць на нас як на быдла якое”, — абураецца спадарыня Вабішчэвіч, даярка калгасу імя Ўльянава з Узьдзеншчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG