Сёньня ўсе чакалі чыноўнікаў з рэвізійнага аддзелу Міністэрства адукацыі, якія павінны былі правяраць усе фінансавыя дакумэнты. Празь некалькі хвілінаў ад пачатку працоўнага дня Ўладзімеру Коласу патэлефанавалі зь міністэрства і папярэдзілі аб тым, што акрамя фінансавай будуць яшчэ некалькі праверак. У міністэрстве гэта называецца комплексная праверка. Дагэтуль ніколі міністэрства не практыкавала праверкі у часе экзамэнаў. Уладзімер Колас лічыць, што такія дзеяньні міністэрства скіраваныя на зрыў стабільнай працы.
(Колас: ) "Мы ведаем што такое праверка. Мы ня раз празь яе праходзілі і не баімся яе. Але мы ведаем, што праверка – гэта нейкія штохвілінныя тлумачэньні, штохвілінныя перапынкі ў выкананьні прафэсійных абавязкаў і "разборкі" з правяраючымі. Тое, што яны нам хочуць зараз утварыць, ну, папросту зламае нам увесь працэс. Нам і так сарвалі набор, і цяпер нам ламаюць экзамэны. Безумоўна, калі я паведаміў гэтую навіну калектыву, яна прывяла ўсіх у роспач. Людзі, безумоўна, будуць выказваць гэта тым, хто прыйдзе правяраць, і зноў пачнуцца канфлікты. Міністэрства паводзіць сябе, я лічу, незразумела".
Летась у ліцэі павінна была адбыцца атэстацыя. Уладзімер Колас накіроўваў заяву ў міністэрства, каб зь ім заключылі кантракт, вярнулі будынак на балянс ліцэю, прафінансавалі неабходныя работы для рамонту будынка, а потым праводзілі атэстацыю. Міністэрства не дало ніякага адказу на гэтую заяву, але й атэстацыю праводзіць не стала.
Ліцэісты здаюць экзамэны. Яны скардзяцца, што атмасфэра ў ліцэі перашкаджае ім засяродзіцца на падрыхтоўцы. У актавай залі некалькі групаў ліцэістаў. Яны чакаюць тут сваёй чаргі ў аўдыторыі, дзе праходзяць экзамэны, а таксама сваіх сяброў, якія іх ужо здалі. Франак Вячорка сёньня здаў экзамэн з расейскай мовы:
(Франак: ) "Нехта здае кепска іспыты, нехта займаецца абаронай ліцэю. Вельмі нязручна займацца адразу ўсім. Паралельна з гэтым трэба займацца падрыхтоўкай вечарыны. 18 чэрвеня мусіць быць вечарына году, вынікі ўсяго году. На гэтую вечарыну спадар Колас запросіць чыноўнікаў – міністра адукацыі, яго намесьнікаў, запросіць Лукашэнку, каб паказаць хто ёсьць такія мы”.
Марына Шыпуль здала экзамэн з ангельскай мовы і чакае адзнакі.
(Марына: ) "Экзамэны – гэта экзамэны. Нягледзячы на тое, што адбываецца ў ліцэі, трэба сабрацца, падрыхтавацца і здаць гэтыя экзамэны. Тым больш, што мы ўжо даволі напрактыкаваныя – чацьвёрты год здаем. Але ж, канечне, крыху ўплывае сытуацыя і з дырэктарам... Вось, калі здадзім усе экзамэны, будзем разам змагацца за наш ліцэй”.
Калі скончыліся экзамэны, ліцэісты склікалі сваю Раду. Яны абмяркоўвалі маючую адбыцца вечарыну з прэзэнтацыяй дыска "Я люблю свой ліцэй". Іх непакоіць, што ў залі ня хопіць месцаў усім жадаючым. Ліцэісты паведамілі, што пасьля экзамэнаў далучацца да вулічных акцыяў сваіх бацькоў.
(Кацярына: ) "Нашыя бацькі гатовыя ісьці на пікет. Мы гатовыя падтрымліваць нашых бацькоў. Мы гатовыя прымаць усе рашучыя дзеяньні. Калі затрымаюць? Што рабіць. Але мы гатовыя змагацца да канца. З 19 па 27 мы будзем зь ліцэем, а ліцэй будзе з намі".
Бацькі ліцэістаў маюць намер ладзіць пікеты з 19 па 26 чэрвеня. На сваіх сходах, якія адбываюцца амаль штодня, яны абмяркоўваюць далейшыя захады для абароны ліцэя.