Гэтую заяву сп. Фрык зрабіў з нагоды 10-гадовага юбілею беларускага фонду “Узаемапаразуменьне й прымірэньне”, які разам зь нямецкім фондам “Памяць, адказнасьць і будучыня” займаюцца грашовымі выплатамі былым вязьням канцэнтрацыйных лягераў і прымусовым работнікам з ліку грамадзянаў Беларусі. Сп. Фрык зазначыў, што Беларусь – адзіная з постсавецкіх краінаў, дзе гэтае пытаньне догляду магілаў застаецца адкрытым. Аднак адмыслоўцы заяўляюць, што цяперашнім уладам ратыфікацыя такога пагадненьня нявыгадная.
Гельмут Фрык падкрэсьліў, што гаворка вядзецца не пра пампэзныя мэмарыяльныя знакі ці комплексы, а пра звычайныя крыжы й валуны – пазнакі на магілах нямецкіх жаўнераў. Гэтая дамова паміж беларускім і нямецкім урадамі была падпісаная яшчэ ў 1996 годзе, аднак да цяперашняга часу яна не ратыфікаваная Нацыянальным сходам. Пагадненьне ў гэтым пытаньні сталася бы крокам на шляху да прымірэньня з боку Беларусі, да якога цяпер ідзе ўся Эўропа, – заявіў Гельмут Фрык.
(Фрык: ) “У нас цягам многіх гадоў даглядаюцца вайсковыя пахаваньні, у тым ліку магілы беларускіх жаўнераў. Гэта робіцца коштам дзяржаўных сродкаў і зь вялікай акуратнасьцю. Нам хацелася бы выконваць гэтую працу й на тэрыторыі Беларусі. Гэта не азначае, што тое беззаконьне, якое адбывалася падчас вайны, павінна быць забытае. Але я думаю, што абраныя прадстаўнікі народу павінныя ўзяць на сябе адказнасьць і зрабіць крок на прымірэньне. Мы павінныя думаць пра будучыню, а не культываваць варажнечу й тое, што нас разьядноўвае”.
Гельмут Фрык таксама дадаў, што ўраду ягонай краіны вядома пра неадназначнае стаўленьне да гэтага пытаньня з боку некаторых вэтэранскіх арганізацыяў, але гэтаксама вядома, што многія былыя жаўнеры мінулай вайны падтрымліваюць просьбу Нямеччыны. Аднак адмыслоўцы ў Беларусі перакананыя, што цяперашнія ўлады ў сапраўднасьці не цікавіць меркаваньне беларускага народу што да гэтага пытаньня, а вырашэньне праблемы пахаваньняў зацягваецца наўмысна, бо ратыфікацыя гэткага пагадненьня сёньня высокім чыноўнікам ня выгадная. Гаворыць кіраўнік Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб:
(Грыб: ) “Улады, як быццам, займаюць нейкае нэўтральнае становішча й не вырашаюць гэтага пытаньня. А людзі разумеюць так: калі ўлады маўчаць – значыць, гэтага ня трэба рабіць. Гэта ўладам ня вельмі выгадна, бо калі сёньня дазволяць гэта зрабіць, то як яны заўтра будуць шукаць ворага на захадзе? І паказваць – вось наш вораг, падцягвайце паясы, бо трэба ўзбройвацца, рабіць рэарганізацыю й гэтак далей, і гэтак далей”.
Тым часам, празь беларуска-нямецкія дабрачынныя фонды ўрад Нямеччыны выдаткаваў на першы этап матэрыяльнай кампэнсацыі ахвярам апошняй вайны на тэрыторыі Беларусі 200 мільёнаў марак і распачынае завяршэньне гэтай кампаніі. Беларусь жа застаецца адзінай з постсавецкіх краінаў, дзе ўпарадкаваць магілы сваіх загіблых жаўнераў немцам забаронена.