Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РЭКАНСТРУКЦЫЮ БУДЫНКА ОПЭРНАГА ТЭАТРА НЯМА ГРОШАЙ


Юлія Шарова, Менск

Будынак опэрнага тэатру быў узьведзены ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя і з таго часу ніводнага разу сур’ёзна не рамантаваўся. Праўда, пасьля другой сусьветнай вайны ён аднаўляўся, але канструктыўны элемэнт будынка і сыстэмы інжынэрнага забесьпячэньня тады практычна не закранулі. У гэтым сэнсе будынак тэатра знаходзіцца ў гаротным стане, лічыць дырэктар творчага аб’яднаньня “Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатар опэры й балета” Алег Новікаў.

Паводле ягоных падлікаў, сам рамонт будынка абыдзецца ў некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Тэарэтычна гэта могуць быць і ўласныя сродкі тэатра, і бюджэтныя грошы, і крэдытная лінія. Але ўласных сродкаў на рамонт тэатар ня мае, а дзяржава пакуль не прапаноўвала творчаму аб’яднаньню грашовую дапамогу. Ня варта чакаць і падтрымкі фундатараў.

Але адсутнасьць сродкаў не зьяўляецца адзінай праблемай, якая перашкаджае давесьці стары будынак да ладу. Рэч у тым, што на час рамонту трэба даць абедзьвюм тэатральным трупам сцэну, на якой яны маглі б працаваць, знайсьці памяшканьне для захаваньня касьцюмаў і дэкарацыяў. Гаворыць Алег Новікаў:

(Новікаў: ) “Для тэатру балету й для тэатру опэры патрэбных памяшканьняў у Менску практычна няма. Калі разглядаць пытаньне закрыцьця будынка тэатра на капітальны рамонт, неабходныя дадатковыя сродкі для прыстасаваньня якойсьці зь існых сцэн для правядзеньня спэктакляў. Гэтая акалічнасьць павялічвае фінансавы цяжар, які можа панесьці альбо ўрад, альбо інвэстар”.

Таму, хутчэй за ўсё, пытаньне пра рэканструкцыю будынка зноў павісьне ў паветры на гады. Гэтую думку пацьвярджае і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст беларускай опэры Віктар Скарабагатаў. Гэтак, ён прыгадвае, што рашэньне пра рэканструкцыю будынка тэатру Міністэрства культуры прымала яшчэ ўвосень 1977 году, калі ён прыйшоў працаваць у трупу пасьля кансэрваторыі. З таго часу мінула 26 гадоў, але дагэтуль ніякага капітальнага рамонту ў будынку ня зладзілі. Сп. Скарабагатаў таксама лічыць, што пытаньне гэта амаль невырашальнае – няма дзе працаваць цягам рамонту. Хутчэй у Менску пабудуюць новы тэатар, чым зоймуцца рэканструкцыяй старога. Паводле Віктара Скарабагатава, у сусьветнай практыцы такія выпадкі былі:

(Скарабагатаў: ) “У Парыжы пабудавалі папросту новы тэатар – Опэра Бастылія – і рэканструявалі Гранд Опэра. А ў Лёндане такога не было. Яны адначасова і рэканструкцыяй тэатру займаліся, і паказвалі спэктаклі ў тым самым будынку. У Пецярбургу Марыінскі тэатар і на рэканструкцыі, і адначасова ў сваім жа будынку грае спэктаклі”.

Дарэчы, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў неаднаразова выказвала свае прэтэнзіі да стану будынка беларускай опэры, і гадоў шэсьць таму яго сапраўды хацелі зачыніць з-за вечнай небясьпекі аварыйных інцыдэнтаў. Але грашовыя цяжкасьці не дазволілі гэта зрабіць. Адзінае, на што магла пайсьці адміністрацыя тэатра – гэта стварыць пажарны пост. Цяпер два-тры разы ў дзень робіцца поўны абыход усяго будынка, бо небясьпека ўзгараньняў у тэатры сапраўды існуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG