Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІ ФЭСТЫВАЛЬ“СЛАВЯНСКІ БАЗАР” ЦЕРПІЦЬ ФІНАНСАВЫЯ ЦЯЖКАСЬЦІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Калі лічыць ад сёньняшняга дня, то да “Славянскага базару” застаўся ўсяго 1 месяц і два дні. Звычайна такім часам у Віцебску ўжо паціху прыбіраюцца цэнтральныя вуліцы ды ва ўсю вядзецца падрыхтоўка амфітэатру – фарбуецца глядзельная заля, мантажуецца нейкае абсталяваньне… Сёньня нічога гэтага няма, і ў горадзе абсалютна не адчуваецца набліжэньне фэстывалю. Адсюль і шматлікія меркаваньні пра тое, што сёлетні “Славянскі базар” – пад пагрозаю зрыву.

Я мяркую, што фэстываль будзе праведзены любым коштам, хаця б самым танным. Прынамсі, гарадзкія ўлады не хаваюць – і пра гэта пішуць віцебскія газэты, – што Міністэрства фінансаў не дае Віцебску 170 мільёнаў рублёў на падрыхтоўку амфітэатру ды іншых фэстывальных аб’ектаў.

Афіцыйныя СМІ неаднаразова падкрэсьлівалі, што гэты фэстываль ёсьць супольнай імпрэзаю саюзу Беларусі ды Расеі. Аднак, паводле словаў дырэктара фэстывалю Радыёна Баса, расейская доля фінансаваньня фэстывальных імпрэзаў зьменшылася сёлета амаль што ўдвая: расейскі бок паабяцаў выдаткаваць на іх усяго 9 мільёнаў расейскіх рублёў, тады як Беларусь паабяцала ўкласьці 15 мільёнаў… Гледачам ужо паабяцаныя сольныя канцэрты зорак расейскай эстрады – Сафіі Ратару, Мікалая Баскава, Барыса Маісеева, але дагэтуль няма сродкаў, каб заключыць з гэтымі артыстамі адпаведныя кантракты, бо расейскі бок звычайна фінансуе “Славянскі базар” ня перад правядзеньнем, а пасьля яго, аналізуючы справаздачы пра выдаткі. Прыкладам, за леташні фэстываль грошы былі пералічаныя толькі праз паўгоду – 30 сьнежня, у перадапошні дзень году. На думку спадара Баса, расейскія вышэйшыя чыноўнікі не зацікаўленыя фінансаваць разьвіцьцё мастацтва па-за межамі Расеі, нягледзячы на ўсе саюзныя дамовы, з-за гэтага і ўсе праблемы.

Праграма сёлетняга фэстывалю будзе скарочаная на адзін дзень. Але самыя істотныя зьмены чакаюць не гледачоў, а журналістаў. Упершыню акрэдытацыяй беларускіх журналістаў будзе займацца Міністэрства інфармацыі, а замежных – Міністэрства замежных справаў. А тыя прадстаўнікі масавых мэдыяў, што плянуюць асьвятляць імпрэзы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, мусяць атрымаць адмысловую акрэдытацыю – у прэзыдэнцкай адміністрацыі. Летась на “Славянскі базар” акрэдытаваліся каля сотні беларускіх журналістаў, кожны зь якіх заплаціў за гэта па 200 тысячаў беларускіх рублёў. Аднак дырэкцыя фэстывалю склала асобны сьпіс журналістаў, дапушчаных на цырымонію адкрыцьця з удзелам Лукашэнкі. Прадстаўнікі незалежных мэдыяў туды ня трапілі.

У час фэстывалю ў Віцебску Аляксандар Лукашэнка што-небудзь абавязкова “адчыняе”: летась адчыніў новы праспэкт Перамогі, па якім, між іншым, дагэтуль ня ходзіць грамадзкі транспарт, а сёлета плянуецца адкрыцьцё рэканструяванага стадыёну “Дынама”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG