Першапачаткова Польшча зьбіралася ўвесьці поўнамаштабны візавы рэжым адносна Беларусі, Расеі і Ўкраіны з 1 ліпеня. Аднак днямі дырэктар бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Марэк Сівец сказаў, што новыя правілы могуць уступіць у дзеяньне і пазьней, паколькі ягоная краіна ўступае ў Эўразьвяз не ў студзені, а ў траўні 2004 году. Затым міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімеж Цімашэвіч адзначыў, што думка Сіўца ня ёсьць афіцыйнай пазыцыяй ўраду. Але міністар разам з тым ня выключыў магчымага пераносу ўвядзеньня новага візавага рэжыму: маўляў, консульскія службы асобных краінаў не гатовыя падпісаць адпаведныя дакумэнты з Варшавай.
Кіраўнік консульскага аддзелу амбасады Польшчы ў Беларусі Анджэй Бучак ведае пра выказваньні адказных асобаў ягонай краіны. Але ён чакае афіцыйных папераў.
(Бучак: ) “Ніякай афіцыйнай інфармацыі пакуль яшчэ няма. Я не магу як кіраўнік консульскага аддзелу перадаваць нейкую неафіцыйную інфармацыю. Афіцыйнай жа інфармацыі ў мяне да гэтага часу пакуль няма”.
Як паведамілі мне ў амбасадзе Польшчы, 10 чэрвеня ў Варшаве праходзіць паседжаньне польскага ўраду. Ня выключана, што менавіта на ім можа быць прынятае афіцыйнае рашэньне адносна новых правілаў перасячэньня польскай мяжы.
Стаўленьне беларускіх уладаў да магчымага пераносу ўвядзеньня новых правілаў станоўчае, пра што і гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
(Савіных: ) “Калі такое рашэньне будзе прапанаванае польскім бокам, то Беларусь, безумоўна, яго падтрымае. Мы заўсёды выступалі за бязьвізавы рэжым паездак беларускіх і польскіх грамадзянаў. Наагул, пытаньне аб ўвядзеньні поўнамаштабнага візавага рэжыму стала актуальным пасьля дэнансацыі польскім бокам пагадненьня паміж нашымі краінамі аб бязьвізавых паездках грамадзянаў. Сёньня мы прынцыпова гатовыя падпісаць новае пагадненьне і прымаем захады па ўзмацненьню нашай консульскай інфраструктуры ў Польшчы, каб на практыцы забясьпечыць хуткую і беспраблемную выдачу візаў. Але ж магчымы перанос тэрміну ўвядзеньня новых правілаў дазволіць нам і польскаму боку правесьці гэту работу больш комплексна, больш дакладна і бязь сьпеху”.
Цяпер беларускую візу ў Польшчы можна атрымаць у Беластоку, Варшаве і Гданьску. Бліжэйшым часам консульскія службы беларускай амбасады ў гэтых гарадох пашырацца колькасна, таксама будзе адчынены новы консульскі пункт – у Бяла-Падлясцы.