З пратэстам з нагоды закрыцьця Моладзевага хрысціянска-сацыяльнага саюзу выступіла грамадзянская кампанія “Наша салідарнасць”, якая аб’ядноўвае беларускія няўрадавыя арганізацыі. У падтрымку зачыненага саюзу выступілі таксама моладзевая арганізацыя Эўрапейскай народніцкай партыі, арганізацыі-партнэры зь Літвы, Украіны, іншых дзяржаваў.
Намесьнік старшыні Моладзевага хрысціянска-сацыяльнага саюзу Андрэй Казакевіч сьцьвярджае, што на гэтым тыдні ім будзе сабраная нечарговае паседжаньне Рады саюзу і пададзеная скарга старшыні Вярхоўнага суду з патрабаваньнем ужываць не 57 артыкул Грамадзянскага кодэксу, а Закон аб грамадзкіх арганізацыях, які не разглядае дробныя несыстэматычныя парушэньні як падставу для ліквідацыі арганізацыі. Апроч таго, трэба ўлічыць, што толькі нязначная частка з двух дзясяткаў прэтэнзіяў Мін’юсту да арганізацыі знайшла пацьверджаньне ў судзе, – кажа Андрэй Казакевіч. Але асаблівых спадзеваў на перагляд справы старшынём Вярхоўнага суду ў сп. Казакевіча няма – ідзе агульны ціск на буйныя грамадзкія арганізацыі, улады спрабуюць яшчэ зачыніць гарадзенскую “Ратушу”, гомельскія “Грамадзянскія ініцыятывы”, баранавіцкую “Варуту”, што зьяўляюцца рэсурснымі цэнтрамі. Аднак фармальная ліквідацыя ня можа спыніць працу арганізацыі ці мінімізаваць яе актыўнасьць, кажа Андрэй Казакевіч:
(Казакевіч: ) “Мы будзем працягваць нашую дзейнасьць у якасьці цэласнай арганізацыі. Вядома, тое, што яна будзе ліквідаваная як юрыдычная асоба, гэта некалькі ўскладніць дзейнасьць і ўнутрыбеларускую, і зьнешнюю, але ўсё-такі існуе шмат магчымасьцяў для дзейнасьці і ў незарэгістраванай форме. Непасрэдны фармат, ці будзе гэта грамадзянская ініцыятыва, якая не патрабуе рэгістрацыі ў адпаведнасьці з нашым заканадаўствам, ці аргкамітэт, ці нешта іншае,– мы пакуль што не вызначылі”.
Андрэй Казакевіч упэўнены, што ліквідацыя ягонай арганіазцыі сьведчыць пра спробы ўладаў “зачысьціць трэці сэктар” і істотна зьмяніць ляндшафт у моладзевай сфэры. Аднак адзінай рэальнай падставай для рэпрэсіяў з боку ўладаў ў адносінах да Хрысціянска-сацыяльнага саюзу было ягонае леташняе рашэньне аб аб’яднаньні з арганізацыяй “Моладзь АГП”. Пасля гэтага МХСС сам стаўся моладзевай структурай пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гаворыць Андрэй Казакевіч:
(Казакевіч: ) “Думаю, што гэта адзіная напэўна прычына. Улады мяркуюць, што калі будзе існаваць нейкая арганізацыя, моцная і зарэгістраваная, якая будзе супрацоўнічаць з партыяй, то гэта дасьць дастатковы патэнцыял для разьвіцьця гэтай партыі, перш за ўсё, для прыцягненьня ў яе моладзі і актывізацыі яе дзейнасьці”.
Андрэй Казакевіч мяркуе, што цяпер існуе вялікая верагоднасьцьтаго, што і іншыя незалежныя грамадзкія арганізацыі могуць патрапіць пад уціск ўладаў, якія адначасова спрабуюць пашырыць і аб’яднаць кола ляяльных сабе структураў.
Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз дзейнічаў з 1997 году, ён мае 30 аддзяленьняў і некалькі соцень сябраў, арганізацыя падтрымала альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта 1999 году, адзінага кандыдата ад апазыцыі ў 2001 годзе, яе сябры працавалі ў штабах апазыцыйных кандыдатаў і былі назіральнікамі на ўсіх апошніх выбарах. Сёлета арганізацыі ўдалося правесьці трох сваіх дэпутатаў у гарадзкія саветы.