Галоўнай навіной 56-га Ўсясьветнага газэтнага кангрэсу й 10-га Ўсясьветнага форуму галоўных рэдактараў, што адбываюцца ў сталіцы Ірляндыі, Міністэрства друку Расеі палічыла атрыманьне спадарыняй Літвіной адмысловай прэміі “Залатое пяро свабоды” за бягучы год. У афіцыйным прэсавым рэлізе расейскага ведамства падаецца цытата з выступу прэзыдэнта Ўсясьветнага форуму галоўных рэдактараў Глёрыі Браўн, якая падкрэсьліла, што “Беларусь – гэта адна з самых небясьпечных для працы журналістаў, краіна, якая раўняецца на савецкае мінулае ды ёсьць ганьбай для Эўропы”. “Турма, цэнзура, канфіскацыя абсталяваньня, свавольныя затрыманьні й велізарныя адміністрацыйныя перашкоды сталі сымптомамі свабоднай прэсы ў Рэспубліцы Беларусь”.
Побач з гэтымі словамі спадарыні Браўн зьмешчаная таксама афіцыйная расейская рэакцыя. Першы намесьнік міністра друку Расеі Міхаіл Сеславінскі заявіў у Дубліне:
“Вядома ж, мы як краіна, што будуе з Рэспублікай Беларусь шчыльныя ўзаемадачыненьні, імкнемся ажыцьцявіць гэтае збліжэньне на аснове агульнапрынятых прынцыпаў разьвіцьця дэмакратычных свабодаў. Мы з горыччу успрымаем прэтэнзіі да беларускіх уладаў з боку ўсясьветнай супольнасьці, якія ёсьць збольшага справядлівымі ды абгрунтаванымі”.