Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБІТУРЫЕНТЫ ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ СПАДЗЯЮЦЦА, ШТО ЛІЦЭЙ ЗАХАВАЕЦЦА


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў калідорах ліцэю можна было бачыць абітурыетаў і іх бацькоў. Дэпутат Сяргей Скрабец прывёў на іспыты сваю дачку Натальлю:

(Скрабец: ) “Мяне вельмі турбуе лёс ліцэю. Мая дачка здае іспыт па гісторыі Беларусі. Я хачу, каб яна паступіла ў гэты ліцэй. Я ведаю, што ў ліцэі выхоўваюць асобаў. Хачу, каб мая дачка трапіла ў добрыя рукі. Хачу, каб потым яна прынесла карысьць ня толькі сабе, але й сваёй Радзіме, сваёй нацыі”.

Некалькі дзяўчынак здалі іспыт па гісторыі Беларусі і стаялі каля аўдыторыі. Агнія сьвядома выбрала менавіта гэты ліцэй:

(Агнія: ) “Я прыйшла ў гэты ліцэй, бо мне падабаецца, што яшчэ засталася навучальная ўстанова, дзе шануюць беларускую мову і вывучаюць нашу гісторыю. Сапраўдную гісторыю Беларусі. Я вучылася ў расейскай школе. Мая мама добра размаўляе па-беларуску. Яна нас з самага дзяцінства прывучала да беларускай мовы”.

Агнія ў ліцэі пазнаёмілася з Дашай і ўжо пасябравала зь ёю.

(Даша: ) “У нашай школе не шануюць беларускую мову. Гэта вельмі кепска. Раней я вучылася ў беларускай школе, але так здарылася, што мяне перавялі ў іншую школу. Калі я прыйшла ў новую клясу, то яшчэ гаварыла па-беларуску. Зь мяне ўсе сьмяяліся. Казалі, што я “калхозьніца”. Я не зьвяртала ўвагі, бо яны былі вельмі нясправядлівыя... Але было крыўдна, таму што яны не разумеюць”.

Сёлета самы нізкі конкурс сярод абітурыентаў. Лявон Баршчэўскі тлумачыць гэта наступнымі прычынамі:

(Баршчэўскі: ) “Кампанію агітацыйную, якую мы плянавалі правесьці, нам сарвалі. Натуральна, што частка бацькоў, якія нават і напісалі заявы, не прывялі сваіх дзяцей. Уся гэта няпэўнасьць, канечне, моцна ўдарыла па конкурсе. Ёсьць і другая прычына, паколькі мы пачынаем “расхлёбваць” вынікі рэфэрэндуму 1995 году. Да нас ідуць дзеці, якія паступалі ў школы ў 1996 годзе. Гэта дзеці з расейскіх школ. Раней напалову ў нас былі выпускнікі беларускамоўных школ, і гэта было істотным сілкаваньнем нашаму ліцэю. Цяпер нам прыходзіцца набіраць амаль 100% тых, хто скончыў сем клясаў у расейскамоўных школах”.

Кіраўніцтва ліцэю мае намер абвесьціць дадатковы конкурс у жніўні. Каб вырашыць пытаньне аб захаваньні ліцэю ў такім стане, як ён быў раней, бацькі ліцэістаў аднесьлі ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Яны просяць пакінуць ліцэй у спакоі й даць працаваць тым выкладчыкам, якім яны даверылі сваіх дзяцей.

Уладзімер Колас таксама накіраваў ліст Лукашэнку. Ён распавёў пра гісторыю ліцэю і папрасіў захаваць яго, спаслаўшыся на высокія дасягненьні ў адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG