Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ” НАКІРАВАЛАСЯ Ў ЭМІГРАЦЫЮ, РЭДАКЦЫЮ “САЛІДАРНАСЦІ” ПРАВЯРАЮЦЬ У САЛІГОРСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Улады ціснуць на “Белорусскую деловую газету,” ня толькі пазбаўляючы яе магчымасьцяў друкавацца й распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі, але й адмаўляючы яе журналістам у інфармацыі. Прэсавыя службы дзяржаўных органаў, пачынаючы з прэзыдэнцкай, кажуць карэспандэнтам “БДГ”, што ня могуць даваць ім інфармацыю, бо выданьне прыпыненае. Аднак супрацоўнікі газэты рыхтуюць чарговыя нумары.

Выдавец і ўладальнік “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў заявіў, што шукае магчымасьці друкаваньня сваіх выданьняў за межамі Беларусі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Расея — паводле ягоных словаў, “неабавязкова Масква, гэта могуць быць Бранск, Смаленск”.

А галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна сказала:

(Калінкіна: ) “Пацьверджаньне на друкаваньне газэты далі шмат друкарняў і расейскіх, і літоўскіх, і цяпер мы занятыя тым, што афармляем усе неабходныя дакумэнты на беларускай мытні”.

(Карэспандэнт: ) “І калі можна чакаць наступны нумар “БДГ”?”

(Калінкіна: ) “На гэтым тыдні”.

На гэтым тыдні мусіць выйсьці й чарговы нумар штотыднёвіка “Салідарнасць”, які першым аддаў свае старонкі пад матэрыялы “Белорусской деловой газеты”. Але яшчэ ў пятніцу ў рэдакцыю “Салідарнасці”, што выдаецца ў Салігорску незалежным прафсаюзам, прыйшла супольная праверка камітэту дзяржаўнага кантролю й Міністэрства інфармацыі. Галоўны рэдактар “Салідарнасці” Аляксандар Старыкевіч па тэлефоне з Салігорску распавёў, што гэтая праверка працягваецца й зараз:

(Старыкевіч: ) “Сядзіць некалькі чалавек: двое зь дзяржкантролю, адзін прыехаў зь Міністэрства інфармацыі, і яшчэ адзін — мясцовы супрацоўнік міліцыі. Вывучаюць дакумэнты — усё”.

(Карэспандэнт: ) “І нічога ня кажуць пакуль?”

(Старыкевіч: ) “Па папярэдняй інфармацыі, акт праверкі будзе падрыхтаваны ў сераду. Я думаю, што гэта невыпадкова. Мэта — не дапусьціць выхаду наступнага нумару “Салідарнасці”.

(Карэспандэнт: ) “А там матэрыялы “БДГ” будуць?”

(Старыкевіч: ) “Будуць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы рыхтуеце такі самы нумар, як быў на мінулым тыдні?”

(Старыкевіч: ) “Не, не такі самы, але ў ім у тым ліку ёсьць матэрыялы “БДГ”.

У абарону недзяржаўных выданьняў выступіла й Таварыства беларускай мовы. У адмысловай заяве адзначаецца, што “апошнім часам адчуваецца няспынны ўціск на незалежную беларускую прэсу, прычым як у Менску, так і ў рэгіёнах. Кіраўніцтва ТБМ выказала “рашучы пратэст” супраць спыненьня выхаду ў сьвет “БДГ” і прапанвала Міністэрству інфармацыі “перагледзець сваё рашэньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG