Сям’я Шэпеляў, Васіля і Валянціны, пасялілася ў Вязьзі два дзесяцігодзьдзі таму. Пакуль дзеці былі малыя, з жыльлёвымі ўмовамі мірыліся. Зараз у хаце, паводле словаў гаспадыні, стала цесна:
(Валянціна: ) “Восем чалавек у адной хаце. Вельмі цяжка. Свой кут бы”.
Валянціна Шэпель паведаміла, што старэйшая дачка Вераніка выйшла замуж, але са сваёй сям’ёй засталася ў матчынай хаце. Проста праз вуліцу — дзясяткі два незаселеных хат, так званы чарнобыльскі пасёлак. У Вязьзі пасьля аварыі на ЧАЭС пабудавалі хаты для перасяленцаў, але тыя не прыехалі. Бо хаты не дабудавалі, дасёньня стаяць бяз вокнаў і дзьвярэй. Шэпелі пазьбівалі ногі, зьвяртаючыся да рознага начальства, каб адну такую хату далі шматдзетнай сям’і. Улады зьлітаваліся толькі нядаўна — далі другі паверх у чарнобыльскім доме. Аднак Вераніка з маці радасьці ня маюць:
(Валянціна: ) “Аддалі б раней гэтыя дамкі. Людзі б даўно ўжо будаваліся. У гатовыя бы перайшлі. Аддалі б гэтыя пустыя корабы. Прыступкі праваліліся”.
(Вераніка: ) “Асядае, вядома. Столькі ўжо гадоў. У падвалах вада”.
(Валянціна: ) “Падумайце, столькі гадоў прайшло, трэба вокны заказаць, дзьверы. Усё гэта грошай каштуе, а людзі зусім капейкі атрымліваюць. І вось так засталіся з гадамі. А некаторыя яшчэ ў маласямейках мучацца — і па двое, і па трое дзяцей”.
(Вераніка: ) “Нам сказалі, 800 тысяч рублёў. Але дзе я іх вазьму? Каб правесьці электрычнасьць аднаму чалавеку, то трэба 80 тысяч рублёў”.
Фінансавыя цяжкасьці Шэпелі спадзяваліся пераадолець, але безвынікова:
(Валянціна: ) “Муж працуе ў лясьніцтве. Там яны атрымліваюць капейкі. Дачка таксама, зараз яна ў дэкрэтны адпачынак сыходзіць. Там яна ўладкавалася конюхам, 60 тысяч рублёў атрымлівае. Маладая, 21 год. Трэба ж дзе-небудзь на хлеб зарабляць”.
(Вераніка: ) “Па прафэсіі нідзе не ўладкуесься”.
(Валянціна: ) “Сын у калгасе працуе трактарыстам. Таксама капейкі атрымлівае”.
(Вераніка: ) “Я ў сьнежні працавала гандляром. Кожны дзень. Толькі ў панядзелак быў выходны на рынку ў краме, у дзяржаўнай краме. Працавала за загадчыка, за гандляра і таваразнаўцу. Атрымлівала 60 тысяч. За праезд усё грошы праезьдзіш. А ў выходныя ж квіткі наогул дарагія”.
(Валянціна: ) “15 тысяч атрымала за месяц у выніку”.
Ня так даўно Валянціна Шэпель цяжка захварэла. На сухоты. Цяпер яе на працу не бяруць нікуды. Паводле ейных словаў, штомесячны даход усёй вялікай сям’і — каля ста даляраў. Таму эканомяць на ўсім:
(Валянціна: ) “Па чарзе апранаем адзеньне. Куртку якую купім, то ўсёй сям’ёй яны носяць, адну вопратку, па крузе. У школу нават часта малодшая дачка ня ходзіць — не хапае адзеньня. Голай не магу адправіць яе, трэба чакаць чаргі, каб вызвалілася гэтае адзеньне. І зараз вось — у гэтай ёсьць, а ў тых няма”.
Спрабавалі Шэпелі зьвярнуць увагу на сваё бядотнае становішча мясцовага сельсавету. Аднак дарэмна:
(Валянціна: ) “Ніколі не аказаў ён нам ніякай дапамогі. Даюць дапамогу больш заможным: Івановым, Карпоўніным. А мы як ня людзі. Як быццам у мяне дзяцей няма. Нібыта я ня маці гэтых дзяцей”.
Віктар Кучаравы — старшыня выканкаму Вязьскага сельсавету. Шэпелі жывуць зь ім амаль што па-суседзтву. Але ніякай цікавасьці да праблемаў гэтай сям’і спадар Кучаравы ня мае:
(Кучаравы: ) “Вы мяне прабачце, але я ўстрымаюся ад камэнтароў”.
У сталічным грамадзкім аб’яднаньні “Альтэрнатыва-ХХІ” лічаць, што прыклад сям’і Шэпелеў з асіповіцкай вёскі — тыповы для рэгіёнаў. Гаворыць старшыня выканкаму аб’яднаньня Сяргей Балыкін:
(Балыкін: ) “Гэта вельмі добра адлюстроўвае агульны стан у рэгіёнах. У маленькіх мясцовасьцях, у маленькіх гарадах існуе вельмі малая колькасьць прадпрыемстваў, насельніцтва ня можа працаўладкавацца. Самае галоўнае, што не ствараецца багацьце хатніх гаспадарак. Людзі пазбаўленыя магчымасьці зарабляць, ашчаджаць. Дзяржава павінна павярнуцца тварам да чалавека. Яна павінна разглядаць чалавека не як нейкую статыстычную адзінку, а кожнага індывіда асобна”.