Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ПРАЦЭС НАД СЫНАМ ЭКС-ПРЭМ’ЕРА БЕЛАРУСІ АЛЯКСАНДРАМ ЧЫГІРОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ужо амаль месяц у судзе Ленінскага раёну Менску разглядаецца справа Аляксандра Чыгіра, сына былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра. Нагадаю, Чыгіра-малодшага судзяць паўторна. Да абвінавачаньняў у крадзяжах аўтамабіляў далучылі й незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. У судзе ўжо выступілі пацярпелыя, і цяпер дайшла чарга да сьведкаў. Праўда, іншы раз цяжка вызначыць розьніцу паміж першымі й другімі.

Гэтак, сёньня ў судзе дапыталі сьведку Алу Ахрэмчык. Хутка высьветлілася, што яна не была сьведкай таго, яе яе джып “Паджэра” ўганяў Аляксандар Чыгір, альбо хаця б як ён замаўляў гэты ўгон. Ала Ахрэмчык усяго толькі апазнала часткі свайго аўтамабіля ў гаражы адной вайсковай часткі, куды яе выклікала міліцыя.

Цікава, што адказваючы на пытаньне, ці прысутнічалі падчас апазнаньня панятыя Ала Ахрэмчык назвала панятымі міліцыянтаў, якія вялі справу. Між тым, паводле закону панятымі могуць быць толькі запрошаныя людзі, ні ў якім разе ня самі сьледчыя. Другая акалічнасьць — сьведка ня памятае, ці было на запчастках неяк пазначана, адкуль іх прывезьлі. Абарона лічыць гэта вельмі важкім момантам, бо падазрае, што запчасткі маглі падкінуць сьледчыя.

І нарэшце, самае істотнае. Аказваецца, аглядаць запчасткі Але Ахрэмчык дапамагаў яе муж, Ігар. Між тым, паводле справы ён прызнаны пацярпелым, бо скрадзены джып належаў яму, і цяпер Ігар Ахрэмчык прэтэндуе на грашовую кампэнсацыю ад Чыгіра-малодшага. Атрымліваецца, што жонка, магчыма, паспрыяла свайму мужу. У такім выпадку, ці можна давяраць гэтай сьведцы? Сьледзтва лічыць, што можна, а вось абаронцы з гэтым ня згодныя. Юлія Чыгір, якая абараняе сына ў судзе, кажа, што не давярае і астатнім доказам сьледзтва:

(Чыгір: ) “Уся база доказаў — гэта тое, што ў Сашы былі ў гаражах запчасткі і што пацярпелыя апазналі сярод іх свае. Але на якой падставе? Вы чулі сёньня жонку пацярпелага, якая прызналася, што самі міліцыянты яе папярэдзілі: “Вы едзеце апазнаваць свае запчасткі”. І нават сказалі, у каго яны былі”.

Дарэчы, заўтра ў суд выкліканы сьведкам былы прэм’ер Міхаіл Чыгір. У яго будуць пытацца, што ён ведаў пра дзейнасьць свайго сына, за якую ён цяпер прыцягнуты да адказнасьці. Нагадаю, раней на падобныя пытаньні Міхаіл Чыгір нязьменна заяўляў, што лічыць сына невінаватым, а ягоную справу сфабрыкаванай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG