Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ 5-Ы ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ЖУРНАЛІСТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У зьезьдзе БАЖ, якая налічвае на сёньня 925 сябраў, удзельнічала 77 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Перад пачаткам зьезду ў фае пэрформанс арганізаваў рэдактар прыпыненай уладамі газэты “Навінкі” Паўлюк Канавальчык. Разьдзеты да майткаў спадар Канавальчык намаляваў на сваім целе профіль Аляксандра Лукашэнкі, а таксама надпісы “Прашу вашай паддзержкі!” і “Не забуду артыкул 172 частка 10” і зьбіраў у шапку грошы. Гаворыць Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) “Я зьбіраю грошы на штраф, бо ўжо прыходзіў судовы выканаўца каб апісаць маю маёмасьць. Фактычна я ня маю ніякіх сродкаў для аплаты гэтага штарафу і прашу журналістаў падтрымаць калегу ды дапамагчы разабрацца з маімі праблемамі”.

Праблема прыпыненьня ўладамі выхаду “Белорусской деловой газеты” й яе месячнага дадатку, а таксама “Навінак”, “Вячэрняга Століну” ды яшчэ дзясятка іншых выданьняў была адной з самых важных на зьезьдзе. Пра гэта шмат гаварыла ў сваім дакладзе прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна і многія іншыя выступоўцы. На думку многіх дэлегатаў, неўзабаве ў Беларусі могуць быць закрытыя ўсе недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні. Спадарыня Літвіна заклікала дэлегатаў падумаць, як гэтаму супрацьстаяць, захаваць працоўныя месцы журналістаў і стварыць новыя. А вось што сказаў віцэ-прэзыдэнт БАЖ Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Сытуацыя насамрэч вельмі складаная, і апошнія прыклады зь “Белорусской деловой газетой” пацьвярджаюць гэта. Мы лічым, што выйсьце адзінае — гэта прафэсійная салідарнасьць і прафэсійная дзейнасьць у рамках заканадаўства. Мы будзем адстойваць свае правы і ні ў якім выпадку ня пойдзем на незаконныя дзеяньні. Можа гэтага ад нас і чакаюць, але ж мы на гэта ня пойдзем”.

Дэлегаты зьезду вырашылі салідарна супрацьстаяць уладам і прынялі заяву, у якой гаворыцца, што Міністэрства інфармацыі ператварылася для незалежных СМІ ў карны орган.

Зьезд БАЖ таксама прыняў зварот да Канстытуцыйнага суду з просьбай разгледзець пытаньне адпаведнасьці Канстытуцыі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за зьнявагу і паклёп прэзыдэнта і службовых асобаў. Менавіта згодна з гэтымі артыкуламі былі пакараныя Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч. Вось як пракамэнтаваў прыняцьцё гэтага звароту Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Я лічу, што гэта надзвычай важна. Гэта той стрыжань — і калі яго прыбраць, то выявіцца, што ўсе рэпрэсіі ўладаў супраць журналістаў надуманыя, фальшывыя і ня маюць ніякай іншай мэты, акрамя як запалохаць людзей. Выбраны адпаведны адрас для разьвязаньня гэтай праблемы. Гэта надзвычай важна й патрэбна”.

Зьезд таксама ўхваліў Дэклярацыю прынцыпаў журналісцкай этыкі й пераабраў на прэзыдэнта БАЖ Жану Літвіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG