Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДЫ ПАЙСЬЦІ ВУЧЫЦЦА БЕЛАРУСКІМ ВЫПУСКНІКАМ?


Валянціна Аксак, Менск

Сёлетнія выпускнікі — гэта першаклясьнікі 1992 году, таго году, калі беларусізацыя ўсіх сфэраў жыцьця краіны набірала шпаркія тэмпы. На роднай мове ў той год пачало вучыцца больш за 60% ўсіх першаклясьнікаў. Палову іх скасілі наступствы травеньскага 1995 году рэфэрэндуму, які ўвёў у краіне дзяржаўнае дзьвюхмоўе. І гэтая палова прыйшлася найперш на гарадзкія школы. Тыя, якія ацалелі да сёлетняга школьнага фінішу, — гэта пераважна вясковыя школы, за масавы перавод якіх на расейскую мову навучаньня ўлады ўзяліся пазьней.

Павал Бандаровіч — адзінаццаціклясьнік з Заслаўшчыны. Ён марыць быць гісторыкам. На пытаньне, на якой мове хоча атрымаць прафэсію, Павал мае адназначны адказ.

(Бандаровіч: ) “Ну, канечне, на беларускай. Родная мова ўсё ж”.

А вось на выпадак, калі ўнівэрсытэт не забясьпечыць яму мажлівасьці працягваць у вышэйшай школе навучаньне на роднай мове, хлопец ня мае такога адназначнага адказу.

(Бандаровіч: ) “Тады ня ведаю, што я змагу зрабіць”.

Адстойваць свае правы вясковыя школьнікі не прызвычаеныя, а вось іхным сталічным раўналеткам з гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа рабіць гэта даводзілася за гады навучаньня неаднарозова і нават цяпер, здаючы выпускныя іспыты, яны змушаныя ладзіць акцыі ў абарону свайго ліцэю. За навучаньне па-беларуску ў вышэйшых навучальных установах яны таксама наважаныя змагацца. Гаворыць Марыля Васючэнка:

(Васючэнка: ) “Кожны мае права выбіраць, і таму, на мой погляд, мы павінны дамагацца, каб нам выкладалі па-беларуску. Я для сябе вырашыла, што я буду навучацца па-беларуску, і спадзяюся, што ніякіх праблем не павінна ўзьнікнуць”.

Марыля хоча паступіць у лінгвістычны ўнівэрсытэт, дзе, яна мяркуе, праблемаў з моваю навучаньня ня будзе. А вось што, на яе думку, дапаможа тым яе ліцэйскім сябрам, у якіх у іншых ВНУ могуць узьнікнуць з гэтым цяжкасьці.

(Васючэнка: ) “Баюся, што ў некаторых з навучаньнем па-беларуску будуць праблемы. Але спадзяюся, мы ўсё гэта адолеем”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце, што ўсё залежыць ад вашае пазыцыі?”

(Васючэнка: ) “Так. Тым больш, калі мы ўсе будзем падтрымліваць сувязі між сабою. Калі мы будзем змагацца разам, то ўсё будзе добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж вы пойдзеце ў розныя навучальныя ўстановы?”

(Васючэнка: ) “Так, але я лічу, што гэта вельмі дапамагае, калі ты ведаеш, што ў цябе ёсьць аднадумцы, калі ты ведаеш, што ў гэтым ты не адзін…”

Між тым, сёлетнія выпускнікі ўжо ня мусілі змагацца за свае моўныя правы, бо згодна пастановы Міністэрства адукацыі ад 28 жніўня 2001 году ім ужо павінна была быць забясьпечаная пераемнасьць навучаньня на роднай мове. Пятым пунктам гэтага дакумэнту прадугледжанае, пачынаючы з 2002–2003 навучальнага году адкрыцьцё ў вышэйшых навучальных установах, у тым ліку і рэгіянальных, аддзяленьняў зь беларускай мовай выкладаньня.

Рэальна ж сытуацыя яшчэ горшая, чым да прыняцьця міністэрскае пастановы. Яе камэнтуе намесьнік старшыні Таварыства беларускае мовы Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Ніводзін унівэрсытэт ня робіць зараз ніякіх захадаў, каб набіраць з новага навучальнага году беларускамоўныя навучальныя групы. Не праводзіцца нават самага элемэнтарнага анкетаваньня абітурыентаў. Дарэчы, у гэтым годзе самы вялікі выпуск беларускамоўных выпускнікоў. Такога за ўсе гады незалежнасьці не было. І такога вялікага выпуску — а гэта 28 тысячаў — ужо ня будзе ў наступныя пяць-сем гадоў. Але нягледзячы на такі вялікі выпуск, ня робіцца нічога, каб забясьпечыць выкананьне Закону аб мовах пра роўныя правы ў атрыманьні адукацыі”.

Толькі некалькі пэдвучэльняў краіны ды яшчэ асобныя факультэты Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка цяпер вядуць навучаньне па-беларуску. Але ж 28 тысяч беларускіх выпускнікоў хочуць быць ня толькі настаўнікамі! Куды ім пайсці спасьцігаць абраную прафэсію? У Міністэрстве адукацыі адказу на гэтае пытаньне ня маюць, але некаторыя чыноўнікі там парадокс сытуацыі разумеюць. Вось фрагмэнт маёй гутаркі з галоўнаю інспэктаркаю па беларускай мове Тамараю Саўчук:

(Саўчук: ) “Гэта парадокс такі: дзеці навучаюцца ў школе па-беларуску, а калі паступаюць у ВНУ, то павінны перавучвацца па-расейску. Ну, я ня ведаю, дзе такое яшчэ ёсьць у сьвеце… Я не баюся пра гэта гаварыць, і я пра гэта гавару кругом, як інспэктар па беларускай мове”.

(Карэспандэнтка: ) “І што чуеце ў адказ?”

(Саўчук: ) “А ніхто нічога ня робіць, і ўсё…”

Часткова вырашыць праблему зь беларускамоўнымі выпускнікамі мог бы клясычны Нацыянальны ўнівэрсытэт, адкрыцьця якога дамагаецца ініцыятыўная група ўжо даволі доўгі час. На пачатку гэтага году яна атрымала вуснае абяцаньне кіраўнікоў Палаты прадстаўнікоў спрыяць адкрыцьцю Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Далей гэтага абяцаньня справа, аднак, не пайшла. Таму бальшыня з 28 тысяч маладых беларусаў найверагодней засядуць зараз за расейскамоўныя падручнікі. А беларускамоўнае абітурыенцкае выключэньне складуць, як і ў папярэднія гады, непапраўныя ліцэйскія аптымісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG