Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ УЗАКОНІЛА РЭПРЭСІЎНЫЯ ДЭКРЭТЫ


Уладзімер Глод, Менск

Цяпер ужо ня толькі дэкрэты Лукашэнкі, але і два законы робяць больш жорсткімі патрабаваньні да правядзеньня масавых мерапрыемстваў і ўзмацняюць адказнасьць арганізатараў за выкананьне парадку. Напрыклад, прадугледжаная магчымасьць ліквідацыі палітычнай партыі, прафсаюзнай або іншай арганізацыі нават за разовае парушэньне заканадаўства аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Гэтыя захады могуць прымяняцца ў выпадку незабесьпячэньня адказнымі асобамі належнага парадку падчас масавай акцыі і нанясеньня шкоды на суму 10 тысяч і больш базавых велічыняў (сёньня гэта дзесьці каля 70 тысяч даляраў) або істотнай шкоды правам і інтарэсам грамадзянаў, або дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам.

Аднак апазыцыйныя палітычныя партыі гэта не палохае. У прыватнасьці, кіраўніка Партыі БНФ Вінцука Вячорку:

(Вячорка: ) “Паколькі фактычна дзейнічалі так званыя дэкрэты, зьмест якіх супадае з тым, што прыняла цяпер Палата прадстаўнікоў, а мы тым ня менш ладзілі і мітынгі, і шэсьці, і пікеты, то мы будзем дзейнічаць у тым жа духу. Гэта ня будзе для нас перашкодай, было б жаданьне”.

Адзін з кіраўнікоў незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец лічыць, што Палата прадстаўнікоў зусім невыпадкова падстрахавала Лукашэнку:

(Знавец: ) “Ідзе далейшая зачыстка палітычнага поля на Беларусі, інфармацыйнай прасторы. Ідзе ўзмацненьне рэакцыі, аўтарытарнага рэжыму, а па сутнасьці, пераўтварэньня яго ў таталітарны. Дзеля чаго гэта робіцца, можна толькі здагадвацца. На маё меркаваньне, сёлета Лукашэнка не рызыкне самастойна праводзіць рэфэрэндум, але на наступны год гэта магчыма. Ён адпрацоўвае нейкія схемы, як бы абмежаваць максымальна атрыманьне інфармацыі, публічныя выступленьні нязгодных і гэтак далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG