“Уступленьне Польшчы у Эўрапейскі Зьвяз, побач з сяброўствам у НАТО і добрымі дачыненьнямі са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, будзе сьведчыць аб поўным дасягненьні мэтаў стратэгічнага пляну польскай замежнай палітыкі, які паўстаў пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму”, – сказаў напярэдадні міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч.
Прыхільнікі інтэграцыі Польшчы ў Эўразьвяз гавораць, што гэты крок ёсьць трыюмфам гістарычнай справядлівасьці і канцом штучнага падзелу Эўропы, бо існаваньне эўрапейскай краіны па-за межамі дэмакратычнай і моцнай супольнасьці, якой ёсьць Эўразьвяз, ёсьць шляхам да заняпаду.
Гаворыць прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі:
(Квасьнеўскі: ) “Не” для Эўразьвязу ў доўгатэрміновай пэрспэктыве азначае страту магчымасьцяў эканамічнага разьвіцьця і тэхнічнага прагрэсу, шанцаў на датацыі з агульнаэўрапейскага буджэту, інвэстыцыі. Адзін з найвялікшых рынкаў на сьвеце будзе для нас недаступны. Польшча яшчэ раз у сваёй гісторыі будзе папросту адсунутая на ўскрайкі эўрапейскай гаспадаркі, апынецца ў “шэрай зоне” паміж Захадам і Ўсходам. Наш палітычны і гаспадарчы аўтарытэт значна зьменшыцца”.
Аднак у тым, што палякі падтрымаюць далучэньне сваёй краіны да Эўрапейскага Зьвязу, цяпер бадай што ніхто не сумняецца. Паводле вынікаў апошніх сацыялягічных апытаньняў, “за” прагаласуюць амаль 80% палякаў з тых, што прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, і толькі 13% выкажуцца супраць. Галоўная праблема – гэта ўдзел у галасаваньні.
Нягледзячы на тое, што да пра ўдзел у рэфэрэндуме заяўляюць амаль 70% грамадзянаў Польшчы, ёсьць небясьпека таго, што частка выбаршчыкаў, упэўненая ў тым, што ўсе й так пойдуць і прагаласуюць “за”, вырашыць застацца ў хаце.
Каб падвялічыць выбарчую актыўнасьць, напрэдадні былі ўхваленыя папраўкі да адпаведнага закону, якія дазваляюць, упершыню ў польскай гісторыі, правесьці двухдзённае галасаваньне.
Што да агітацыі перад рэфэрэндумам, дык у ёй актыўны ўдзел узялі ўсе палітычныя сілы краіны, прычым прыхільнікі далучэньня Польшчы да Эўразьвязу змаглі на гэты час аб'яднаць свае высілкі, часам нягледзячы нават на абсалютна супрацьлеглыя палітычныя погляды.
Варта адзначыць, што ў часе агітацыі былі выкарыстаныя і беларускія матывы. Прыхільнікі інтэграцыі казалі, што калі Польшча не далучыцца да моцнага і дэмакратычнага Эўразьвязу, то ёй застанецца сябраваць з аўтарытарнымі і папулістычнымі беларускімі ўладамі.
У сваю чаргу сябры кансэрватыўных каталіцкіх рухаў – праціўнікі далучэньня Польшчы да Аб'яднанай Эўропы, знайшлі ў беларускай рэчаіснасьці адзіны пазытыўны момант – адсутнасьць дазволу на эўтаназію, як гэта ёсьць у некаторых краінах Заходняй Эўропы.