Выглядае, што гэты чалавек зь перакінутымі з макаўкі на лысіну валасамі адчувае сябе недаацэненым, — піша “Die Presse” і працягвае: “Ягоныя дэклярацыі адносна аднаўленьня СССР не прынесьлі яму ні царскай кароны, ні пасады імпэратара”. Хто ведае, магчыма, таму былы кіраўнік беларускага калгасу вырашыў паўтарыць ўчынак эксцэнтрычнага дыктатара Ўганды Іды Аміна, які ад 1971 па 1979 аб’явіў ўласную манаполію на слова “прэзыдэнт” і забараніў ужываць яго ўсім астатнім жыхарам краіны.
Ня выключана, што хутка па аналёгіі зь Ніязавым Лукашэнка назаве сябе ўвогуле “Беларусбашы”. Знаходзячыся ў братняй Туркмэніі, беларускі кіраўнік зьвяртаўся да туркмэнскага прэзыдэнта “Бацька ўсіх туркмэнаў”, — піша венскае выданьне.
Тым часам, дачыненьні беларускага кіраўніка з заходнімі краінамі й галоўным чынам з ЗША становяцца як ніколі дрэннымі, — піша мюнхенская “Sueddeutsche Zeitung”. Нямецкі друк камэнтуе заяву беларускага кіраўніка, зробленую ў зьвязку з магчымымі плянамі ЗША адносна перадысьлякацыі вайсковага кантынгенту да межаў Беларусі — у прыватнасьці, у Польшчу. Паводле беларускага лідэра, Менск будзе разглядаць падобныя дзеяньні Вашынгтона як “пагрозу бясьпецы і інтарэсам краіны”, а таму Беларусь мусіць узяць новыя амэрыканскія вайсковыя базы ня толькі пад кантроль, але і пад прыцэл.
Паводле варшаўскага карэспандэнта “Sueddeutsche Zeitung”, афіцыйныя беларускія СМІ малююць самыя жудасныя пэрспэктывы ў зьвязку з магчымай вайсковай прысутнасьцю ЗША ў Польшчы. Ня выключана, што натхнёная амэрыканскай перамогай у Іраку Польшча ўвогуле акупуе заходнюю частку Беларусі, — сьцьвярджае беларуская афіцыйная прэса. Афіцыйны польскі бок характарызуе падобныя заявы альбо як бязглузьдзіцу альбо як палітычныя маніпуляцыі. Аднак Менск настойвае на тым, што будзе пільнаваць за ўсім, што адбываецца на тэрыторыі Польшчы.
Тым ня менш, нягледзячы на сваю працяглую канфрантацыю з Захадам, на пастаянныя палітычныя рэпрэсіі й сталы эканамічны заняпад у гэтай краіне, Беларусь усё ж спадзяецца на сяброўства ў Радзе Эўропы і ў якасьці першага кроку ў гэтым напрамку прадугледжвае ўсталяваньне цесных стасункаў з Эўразьвязам, — пра гэта ў размове з карэспандэнтам “Moskauer Deutsche Zeitung” сьцьвярджае былы дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрэнт.
Паводле спадара Бэрэнта, цяпер Менск мусіць выбіраць паміж Расеяй і Эўропай. Відавочна, што апазыцыя бачыць больш экамічных пэрспэктываў у супрацоўніцтве з Захадам. Але нават і ў тым выпадку, калі Менск зарыентуецца ў бок Расеі, Эўропа мусіць пільнаваць, каб у гэтай краіне ўсё ж было пабудаванае плюралістычнае грамадзтва, каб у ёй захоўваліся правы чалавека і была свабода СМІ. Былы дакладчык ПА РЭ перакананы, што беларускае грамадзтва ня мусіць быць інфармацыйна ізаляваным, яно павінна выкарыстоўваць кожную мажлівасьць для ўдзелу ў дыялёгу з Захадам. Толькі такое разьвіцьцё можа зарыентаваць насельніцтва краіны на новыя палітычныя шляхі.