Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ – ГЭТА ЭКСТРЭМАЛЬНЫ ВЫПАДАК УТРЫМАНЬНЯ ДЫКТАТУРЫ Ў ЭЎРОПЕ”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Гельсынская камісія Кангрэсу ставіла за мэту слуханьняў аналіз фактаў нелегальнага гандлю зброяй краінамі-сябрамі АБСЭ. Дзеля гэтага на слуханьне былі запрошаныя ў якасьці экспэртаў: сакратар Дзярждэпартамэнту ў справе кантролю над узбраеньнем Джон Болтан, старэйшы аналітык Радыё Свабода Раман Купчынскі і прэзыдэнт Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Тэранс Тэйлар. Асаблівая ўвага ў іх дакладах была прысьвечаная тым выпадкам, калі ўрадавыя ўстановы краін-сябраў АБСЭ падазраюцца ў спрыяньні нелегальным пастаўкам зброі.

Паседжаньне адкрыў старшыня камісіі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Ён пералічыў краіны, якія апынуліся ў цэнтры ўвагі з-за іх нежаданьня або няўменьня кантраляваць нераспаўсюджаньне зброі. Сярод іх апынуліся Расея, Украіна, Беларусь, Баўгарыя, Босьнія-Герцагавіна, Малдова і Сэрбія-Чарнагорыя. Сустаршыня камісіі сэнатар Кэмпбэл падкрэсьліў, што існуе непасрэдная сувязь паміж узроўням дэмакратыі ў краінах і іх жаданьнем кантраляваць нелегальны гандаль зброяй. “Беларусь – гэта экстрэмальны выпадак утрыманьня дыктатуры ў Эўропе. З падзеньнем беларускай эканомікі, гандаль зброяй стаў набываць усё большую важкасьць, хоць закрытасьць рэжыму і не дазваляе нам дакладна ацаніць аб’ёмы гандлю”, – сказаў сэнатар Кэмпбэл.

У сваёй справаздачы прадстаўнік Дзярждэпартаманту Болтан сказаў, што “з краін-сябраў АБСЭ, Беларусь найменш супрацоўнічае і найменш зрабіла, каб прадэманстраваць сваю сур’ёзнасьць у справе нераспраўсюджаньня зброі”. Ён, аднак, не назваў канкрэтных фактаў гандлю зброяй, спасылаючыся на адкрыты характар слуханьняў. На пытаньне сэнатара Кэмпбэла пра дакумэнты, знойдзеныя ў Іраку, якія сьведчаць пра пастаўкі зброі беларускімі прадпрыемствамі рэжыму Садама Хусэйна, Болтан адказаў, што знойдзеных дакумэнтаў шмат, яшчэ болей чакаецца знайсьці і што ўсе яны будуць прааналізаваныя ў найбліжэйшай будучыні. Тым часам гандаль зброяй рэжыму Лукашэнкі з рэжымам Хусэйна ён ня лічыць справай ідэалягічнай, але хутчэй чыста фінансавай, якая ідзе на ўзбагачэньне Лукашэнкі і падтрыманьне яго рэжыму.

Далей сп.Болтан сказаў, што ў 2002 годзе ўрад ЗША ўзьняў перад беларускім урадам пытаньне пра пастаўкі зброі і абумовіў паляпшэньне міжнароднага іміджу і канец самаізаляцыі Беларусі спыненьнем нелегальнага гандлю зброяй.

Сябры Гельсынскай камісіі ўздымалі перад усімі экспэртамі пытаньне ролі і магчымасьцяў АБСЭ ў справе кантролю за нераспаўсюджаньнем зброі. Усе экспэрты адказвалі, што АБСЭ адыгрывае ў гэтым пазытыўную ролю, якую, аднак, ня варта пераацэньваць. Патрэбныя новыя падыходы, такія як прыцягненьне прыватнага сэктару, выхаваньне грамадзянскай сьвядомасьці і настойваньне на выкананьні існуючых пагадненьняў, а ня толькі іх падпісаньні.
XS
SM
MD
LG