Афіцыйныя асобы Эўразьвязу перакананыя, што трэба тэрмінова ўзяць пад кантроль іміграцыю і зьменшыць яе ўзровень. Большасьць экспэртаў згаджаюцца з тым, што праз 10 гадоў сацыяльная сыстэма краінаў-сябраў Эўразьвязу будзе знаходзіцца пад сур’ёзным ціскам у зьвязку са старэньнем насельніцтва Старога кантынэнту.
На фоне гэтага іміграцыя выглядае відавочным выйсьцем з сытуацыі, якое, аднак, выключна непапулярнае ў жыхароў эўрапейскіх краінаў.
Жан Луі дэ Браўэр, які кіруе дэпартамантам іміграцыі Эўракамісіі, гаворыць, што сёньня іміграцыя ўжо стала фактам паўсядзённага жыцьця, які Эўропа мусіць улічваць:
(Браўэр: ) “Згодна зь вядомым выказваньнем, іміграцыя ня ёсьць праблемай і ня ёсьць рашэньнем. Гэта чалавечы фэнамэн сталай важнасьці, і мы мусім выпрацаваць пазытыўныя падыходы да яго. Тым больш, што Эўропа рухаецца да такой дэмаграфічнай і эканамічнай сытуацыі, якая створыць недахоп рэсурсаў. Гэта, у сваю чаргу, можа дапамагчы іміграцыі адыграць сваю істотную ролю, калі ёй будуць добра кіраваць, яе будуць добра прымаць і вітаць”.
Эўракамісія прапануе шырокі грамадзкі кантроль за іміграцыйнай палітыкай і каардынацыю дзеяньняў паміж паліцыямі ў справах іміграцыі і ўцекачоў у якасьці мераў, якія дапамогуць павярнуць грамадзкую думку ў пытаньні мігрантаў.
Першай зь мераў, якія будуць прынятыя, стане стандартызацыя візавай палітыкі і палітыкі прадастаўленьня дазволу на сталае жыхарства ў краінах Эўразьвязу. Другой – стварэньне сумеснай сытэмы памежнага кантролю. Трэцяй – распрацоўка сумеснай палітыкі рэіміграцыі – вяртаньня нелегальных уцекачоў. І ў якасьці экспэрымэнтальнага кроку Эўракамісія падрыхтавала кампанію вяртаньня ў Афганістан жыхароў краіны, якія зараз знаходзяцца ў эўрапейскіх дзяржавах. Гаворыць кіраўнік дэпартаманту міграцыі Эўракамісіі:
(Браўэр: ) “Зараз усё гатова дзеля рэалізацыі гэтага пляну. Мы ўжо былі ў Кабуле. Мы арганізавалі там установы, якія будуць прымаць людзей. Адабраныя галоўныя арганізатары гэтага працэсу. Як і раней, у асноўным гэтым будуць займацца Вярхоўны камісарыят ААН у справах уцекачоў і Міжнародная арганізацыя міграцыі. Але рашэньне рэалізаваць плян мусіць зыходзіць ад краінаў-сябраў арганізацыі. Камісія можа каардынаваць падзеі, але ня можа вырашаць, хто будзе вернуты і калі”.
Адным з найбольш спрэчных пунктаў на парадку дня застаецца прапанова Вялікай Брытаніі стварыць па-за межамі Эўразьвязу цэнтры для разгляду заяваў наконт прадастаўленьня прытулку. У гэтых цэнтрах людзі будуць чакаць заявршэньня разгляду іхнае справы. Лёндан мяркуе, што такія цэнтры маглі бы быць створаныя , напрыклад, у Альбаніі, Румыніі, Украіне і Турэччыне.
На думку дэ Браўэра, яшчэ застаецца вялікая колькасьць юрыдычных ды фінансавых пытаньняў. Аднак, як падкрэсьліў кіраўнік дэпартаманту іміграцыі Эўракамісіі, каля краіны-сябры Эўразьвязу вырашаць пачаць экспэрымэнтаваць з гэтай ідэяй, камісія гатовая дапамагчы.