Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКЛАДЧЫКІ ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ НАКІРАВАЛІ ЗАЯВЫ КІРАЎНІКУ АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ У.ЛАТЫПАВУ І ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕРУ У.ДРАЖЫНУ

Любоў Лунёва, Менск

Зранку дэлегаты, абраныя на бацькоўскім сходзе, аднесьлі заявы спадарам Лукашэнку, Латыпаву і Дражыну. У заявах бацькі просяць умяшацца ў сытуацыю, якая склалася ў ліцэі. Яны просяць звольніць прызначаную міністрам адукацыі дырэктарку і прызначыць на гэтую пасаду Ўладзімера Коласа. Выкладчыкі таксама зьвярнуліся да спадароў Латыпава і Дражына. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Накіраваная наша рэзалюцыя, агульнапрынятая пэдкалектывам, з нагоды кандыдатуры гэтага дырэктара. Яна накіраваная на імя міністра. А сёньня ад імя працоўнага калектыва накіравалі два лісты з прапановай сустрэчы кіраўніку адміністрацыі Ўралу Латыпаву і віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Дражыну. Мы просім сустрэцца, растлумачыць усю сытуацыю. Паказаць, што мы не такія і страшныя, што мы нармальныя людзі. Дайце нам спакойна працаваць”.

Тым часам ліцэісты здавалі іспыты. Дзяніс Пуцікаў і Ўльяна Яўсеева першымі напісалі матэматыку.

(Дзяніс: ) “Ну, вось, я напісаў”.

(Ульяна: ) “Я першая напісала! Мы заўсёды зь Дзянісам дзялілі першае месца па матэматыцы. Я жартую. Ён заўсёды быў крыху лепшы за мяне. Хлопчыкі па матэматыцы лепш вучацца. Ім тут болей богам дадзена. Гэта не дыскрымінацыя. Я дабраахвотна аддаю яму першае месца”.

Ліцэісты малодшых курсаў прыходзяць, каб падтрымаць сваіх сяброў:

(Ксенія: ) “Я прыйшла падтрымаць выпускнікоў, бо ім цяпер ня вельмі проста напісаць усе гэтыя іспыты. Сёньня гэтая матэматычная група здае іспыт па матэматыцы. У іх больш складаная праграма. Гэта прававая, эканамічная група”.

Уладзімер Колас спадзяецца, што сытуацыя нармалізуецца:

(Колас: ) “Мы самі не зацікаўленыя ў тым розгаласе і маштабу, які набывае гэты канфлікт. Тут у ліцэі мы займаемся сваёй непасрэднай справай: адукацыяй і выхаваньнем дзяцей. Робім гэта на належным узроўні. Лічым, што грамадзянская пазыцыя пэўных выкладчыкаў, а таксама прадстаўнікоў адміністрацыі ні ў якім разе не павінна ўплываць на стаўленьне кіраўніцтва да нашага ліцэю”.

Заўтра Ўладзімер Колас і ягоныя намесьнікі Лявон Баршчэўскі і Ірына Сідарэнка ідуць на размову да намесьніка міністра адукацыі Казіміра Фарыны. Ліцэісты і іх бацькі зьбяруцца ў ліцэі, каб даведацца пра вынікі размовы. Пасьля гэтага яны прымуць новы плян дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG