Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ ПАТРАБУЕ СПЫНІЦЬ ПРАЦЭС ЛІКВІДАЦЫІ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ШКОЛЫ

Валянціна Аксак, Менск

Два гады таму Міністэрства адукацыі прыняло пастанову №48, у якой выклала праграму дадатковых захадаў дзеля пашырэньня сфэры выкарыстаньня беларускае мовы ва ўсіх дашкольных, школьных, прафэсійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных установах. Аднак паводле маніторынгу, які правяло Таварыства беларускае мовы, гэтая праграма так і засталася добрым намерам.

Больш за тое, за два апошнія гады колькасьць беларускіх школаў у краіне скарацілася яшчэ на 152, а ўсяго за восем апошніх гадоў было зачынена 516 беларускіх школаў. У буйнейшых гарадах краіны фактычна ліквідаванае беларускамоўнае навучаньне. Напрыклад, у Віцебску на 349 тысяч насельніцтва толькі адна беларуская школа, у паўмільённым Гомелі таксама адна. А ў такіх вялікіх гарадах як Горадня, Магілёў, Бабруйск, Ворша, Пінск наагул не прымаюць дзяцей вучыцца па-беларуску.

Гаворыць намесьнік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Фактычна ў ніводным раёне, у ніводным горадзе ня робіцца нічога, каб выканаць гэтую пастанову. Рэальная сытуацыя такая, што зараз у Беларусі па-беларуску навучаецца менш за 30% вучняў, а калі канкрэтна, то 26,2%. Калі глядзець на гэтыя лічбы праз прызму нарматываў ЮНЭСКА, то калі менш за 30% маладых людзей размаўляюць на роднай мове, то гэтая мова лічыцца пад пагрозаю зьнікненьня. Гэтую мяжу мы перакрочылі ўжо…”

ТБМ лічыць, што Міністэрства адукацыі ігнаруе свае ўласныя рашэньні, таму вырашыла зьвяртацца да кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага. Ва ўсіх гарадах і мястэчках краіны актывісты беларушчыны распачалі збор подпісаў на імя прэм’ер-міністра з патрабаваньнем забясьпечыць з наступнага навучальнага году мажлівасьці рэальнае роўнасьці расейскамоўнага і беларускамоўнага школьніцтва. Сяржук Кручкоў працягвае:

(Кручкоў: ) “Для забесьпячэньня грамадзянам права выбару мовы навучаньня ў адпаведнасьці з артыкулам 14 Канстытуцыі патрабуем забясьпечыць гэтую роўнасьць шляхам стварэньня ў 2003–2004 навучальным годзе ў кожным гарадзкім населеным пункце беларускамоўных дашкольных і сярэдніх навучальных установаў”.

Намесьнік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў перакананы, што сабраныя ў найбліжэйшы час подпісы грамадзянаў пад гэтым патрабаваньнем дапамогуць спыніць працэс ліквідацыі нацыянальнае школы і стварыць умовы для яе рэабілітацыі.
XS
SM
MD
LG