Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ ПРАБЛЕМЫ “БДГ” — ПРЫПЫНЕНЫ ВЫПУСК ЯЕ ПАРТНЭРА ШТОТЫДНЁВІКА “ЭХО”, НЯМА ДЗЕ ДРУКАВАЦЦА Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Менская друкарня “Чырвоная зорка”, дзе мусіў выйсьці нумар “БДГ” за чацьвер пад шапкай “Предпринимательской газеты”, здолела, нягледзячы на быццам бы сапсаваную друкарскую машыну, выпусьціць даволі якасны ў паліграфічным сэнсе нумар газэты “Народная воля”. Друкарня адмовілася патлумачыць, чаму для адной газэты машына працуе нармальна, а для іншых стварае тэхнічныя праблемы.

Зрэшты, дырэктар “Чырвонай зоркі” Ўладзімер Целеш — ужо не дырэктар друкарні. Яго ў сераду звольніла Міністэрства інфармацыі. Але намесьнік міністра Станіслаў Нічыпаровіч заявіў “Інтэрфаксу”, што спадара Целеша звольнілі ў чацьвер “за невыкананьне ўмоваў кантракту адпаведна дзейнаму заканадаўству”. Паводле спадара Нічыпаровіча, загад пра звальненьне дырэктара друкарні “ніяк не зьвязаны з тым, што ў гэтай друкарні пад рознымі шапкамі (“Салідарнасць”, “Эхо”) друкавалася “Белорусская деловая газета”, выданьне якой было прыпыненае на 3 месяцы.

Праўда, кіраўнік управы друкарняў Міністэрства інфармацыі Мікалай Бражко падаў іншую фармулёўку прычынаў звальненьня спадара Целеша:

(Бражко: ) “Паводле ініцыятывы наймальніка”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму такая ініцыятыва зьявілася?”

(Бражко: ) “Таму што мы маем шэраг пытаньняў наконт ягонай гаспадарчай дзейнасьці. У яго была праверка некалькіх органаў, зараз ідзе наша ведамасная праверка. Там ёсьць свае пытаньні”.

Звальненьне дырэктара друкарні “Чырвоная зорка” і праблемы з друкарскай машынай супалі з прыпыненьнем выпуску штотыднёвіка “Эхо”. Усяго адзін — першы — нумар гэтага выданьня пацягнуў адразу два папярэджаньні Міністэрства інфармацыі, паведаміла кіраўніца яго праўнага аддзелу Лілія Богдан:

(Богдан: ) “Там пытаньні наконт адрасу рэдакцыі, наконт зьмены тэматыкі, але, уласна, за гэтыя парушэньні можна было абмежавацца адным папярэджаньнем, паколькі даецца тэрмін на тое, каб зрабіць адпаведныя зьмены — на працягу месяца што да адрасу й тэматыкі. Але там яшчэ адно папярэджаньне наконт назвы, таму што такая газэта вось з такой назвай, як яна выйшла, проста не зарэгістраваная. І ў зьвязку з гэтым — загад”.

Паводле спадарыні Богдан, выданьне газэты “Эхо” прыпыненае на тэрмін да 3 месяцаў — гэтаксама, як і “БДГ”. Але “БДГ” выйшла пад чужымі назвамі двойчы: “Салідарнасць с Белорусской деловой газетой” і “Эхо Белорусской деловой газеты”. Ці мае Мінінфарм прэтэнзіі да “Салідарнасці”?

(Богдан: ) “Не. Ну вы разумееце, гэта крыху розныя рэчы, калі нават думаць па-расейску — “Салідарнасць с Белорусской деловой газетой” і “Эхо Белорусской деловой газеты”. Салідарнасьць — гэта проста людзі выказваюць салідарнасьць, праўда? А “Эхо” проста трактуецца як іншая назва”.

А Міністэрства замежных справаў дагэтуль не адказала на запыт прадстаўніка АБСЭ ў справах свабоды мэдыяў Фраймута Дувэ наконт прыпыненьня выданьня “БДГ”. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных на чацьвярговым брыфінгу сказаў, што ліст спадара Дувэ атрыманы і ў гэты час разглядаецца.

Як ацэньвае апошнія падзеі кіраўніцтва самой “БДГ”? Гаворыць галоўная рэдактарка Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Гэта наезд. Цяпер ужо ўсім зразумела, як мне здаецца: звальненьне дырэктара друкарні павінна было запалохаць усіх тых дырэктараў, якія маглі б надрукаваць не “БДГ”, дык любую іншую газэту. Загад міністра аб прыпыненьні выхаду штотыднёвіка “Эхо”, на мой погляд, зусім незаконны, бо прыпыніць выданьне міністра можа толькі ў выпадку сыстэматычнага парушэньня гэтым выданьнем заканадаўства, а штотыднёвік выйшаў адзін раз — ён ніяк ня мог сыстэматычна нешта парушаць”.

Гэта проста грубы наезд — дзеля закрыцьця газэты і нейкага, можа быць, рэнамэ міністра друку, які, як высьвятляецца, ня можа выканаць загад пра закрыцьцё нашай газэты”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна сказаць, што газэта будзе выходзіць? І калі гэта здарыцца?”

(Калінкіна: ) “Газэта будзе абавязкова выходзіць, і скрайні тэрмін, калі гэта здарыцца, — наступны тыдзень”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG