У другой палове чэрвеня частка настаўнікаў пойдзе ў адпачынак. Ужо цяпер яны цікавяцца: ці не паўторыцца леташняя сытуацыя, калі яны былі вымушаныя ўсё лета хадзіць на працу за сваімі законна запрацаванымі грашыма.
Адказ чыноўнікаў іх не супакоіў. Грошай, якія патрэбна выдзеліць падчас выхаду на адпачынак, а гэта 20 мільярдаў рублёў, у бюджэце няма. Настаўнікам паведамілі, што грошы будуць выплачвацца часткамі на працягу лета. Гэтае паведамленьне асабліва засмуціла тых супрацоўнікаў, якія меркавалі атрымаць пуцёўку ў санатор альбо выехаць за мяжу адпачыць. Як адзначыла адна настаўніца, якая не назвала свайго імя, “пры такім падыходзе наш адпачынак абмяжуецца паездкай у вёску альбо лецішчам”.
Чынавенства Магілёва паабяцала знайсьці сродкі, для чаго будзе прасіць крэдыты ў Міністэрства фінансаў. Настаўнікам і выхаваўцам дзіцячых садкоў Магілёва патрэбна больш за 3 мільярды рублёў.
Аднак настаўнікі сумняюцца ў тым, што ўлады змогуць выканаць свае абяцаньні. Старшыня абкаму працаўнікоў прафсаюзу адукацыі і навукі Сяргей Вінаградаў гаворыць, што ўладам за кароткі час будзе складана знайсьці такую вялікую суму. Паводле словаў спадара Вінаградава, прафсаюз вядзе перамовы з абласным упраўленьнем адукацыі ды робіць усё магчымае, каб настаўнікам адпаведна закону выплацілі грошы цалкам.
Улады змаглі зьліквідаваць запазычанасьці па заробках за красавік, аднак далей справа не пайшла. Настаўнікі выказваюць сумнеў, ці змогуць яны ў другой палове чэрвеня атрымаць хоць гэтую абяцаную частку грошай.
“Пэдагогі — самая безабаронная прафэсія, — заявіла настаўніца, якая не назвала свайго імя. — Мы незарганізаваныя, пратэставаць як рабочыя ня зможам, бо цалкам залежым ад начальства. Станеш пратэставаць альбо выступаць — знойдуць магчымасьць цябе звольніць”.