Насамрэч, укладаньні ў Беларускае абароннае спартова-тэхнічнае таварыства скончыліся значна раней — фактычна, разам са згортваньнем фінансаваньня ўсяго абароннага комплексу. Сёньня на адмысловай нарадзе з удзелам кіраўніцтва таварыства, а таксама Дзяржсакратара Савету бясьпекі Нявыгласа, старшыні Дзяржкантролю Тозіка і генпракурора Шэймана гэта прызнаў і Аляксандар Лукашэнка.
Ён наўпрост выказаўся, што ўкладзеныя дагэтуль 7 мільярдаў рублёў фактычна выкінутыя на вецер. Паколькі, як лічыць Лукашэнка, сродкі разбазарваліся, а сама арганізацыя брала недастатковы ўдзел у вайскова-патрыятычным выхаваньні моладзі, у фінансавай падтрымцы было адмоўлена. Толькі ў выпадку, калі Міністэрства абароны палічыць мэтазгодным супрацоўнічаць з таварыствам, Лукашэнка паабяцаў даць грошы, але з умовай поўнага кантролю за іхным выкарыстаньнем з боку абароннага ведамства.
У самім таварыстве на ўладнае ігнараваньне прапановы пераўтварыць арганізацыю з грамадзкай у дзяржаўную хоць і пакрыўдзіліся, але спадзяюцца, што на раздарожжы іх дзяржава не пакіне. Вось што кажа кіраўнік таварыства Фёдар Лебедзеў:
(Лебедзеў: ) “Усё будзе нармалёва, магу з упэўненасьцю пра гэта казаць. Калі 76 гадоў праіснавалі, будзем і надалей жыць. Ад нас адмовіцца нельга: мы актыўна прапагандуем такія галіны як радыёспорт, авіяцыйны спорт, шчыльна займаемся мота- і аўтаспортам. Курсы навучаньня кіраваньню аўтамабілем — наогул асноўная функцыя, якой займаемся. І паралельна, за кошт таго, што зарабляем грошы, займаемся спортам — спорт жа не фінансуецца, таму фінансуем з уласных сродкаў”.
За савецкім часам ДТСААФы, створаныя як своеасаблівыя пачатковыя курсы Міністэрства абароны, выконвалі адну з галоўных роляў у вайскова-патрыятычным выхаваньні моладзі. Піянэрскія ваенізаваныя гульні “Зарніца”, спартова-ваенізаваныя камсамольскія летнікі “Арлёнак” былі прыступкай да падрыхтоўкі будучых радыстаў, парашутыстаў, снайпэраў, вайсковых кіроўцаў — усяго каля двух дзясяткаў мілітарызаваных спэцыяльнасьцяў.
Зараз ад былой велічы рэальна засталіся хіба толькі курсы навучаньня кіроўцаў-аматараў — Міністэрства абароны адмовілася ад ранейшых кадравых замоваў у падрыхтоўцы будучых воінаў. Каб выжыць, таварыства аказвае дробныя паслугі: за 20 даляраў прапануюць жадаючым насыціць арганізм адрэналінам ды скокнуць з парашутам з “кукурузьніка” ў Баравым пад Менскам.
Рознага кшталту радыёшколы, курсы грамадзянскай абароны, гурткі авіямадэляваньня і многае іншае засталіся ў мінулым. Ранейшыя вялізныя штаты афіцэраў-адстаўнікоў, якія складалі касьцяк ваенізаваных філіяў, скарочаныя на 70%: у бальшыні аддзелаў ад дзясяткаў супрацоўнікаў засталіся адзінкі.
Некалькі гадоў таму пераарыентаваць таварыства з ідэалягічных рэек на практычныя спрабавала Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Былая ДТСААФаўская тэхнічная база надзвычай пасавала агульным мэтам — ліквідацыі наступстваў пазаштатных здарэньняў. Аднак перавесьці Беларускае абароннае спартова-тэхнічнае таварыства на балянс МНС ніхто не рызыкнуў: а раптам зноў запатрабуецца ваенізавана-ідэалягічная база.