Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЭРВОВАСЬЦЬ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ НЕПАТРЭБНАЯ"

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Сёньня прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Польшчы мелі шэраг важных сустрэчаў зь лідэрамі Нямеччыны і Ірляндыі. Гэтыя падзеі, а таксама набліжэньне рэфэрэндуму аб далучэньні Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу, які адбудзецца ў найбліжэйшыя выходныя, выразна адсунулі заяву беларускага кіраўніка на другі плян. Ніводзін зь вядомых польскіх палітыкаў пакуль публічна яе не камэнтаваў.

У Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы ўвогуле лічаць, што Лукашэнку няма чаго хвалявацца, а тым больш пагражаць. Гаворыць прэсавы сакратар міністра абароны, палкоўнік Эўгеніюш Млечак:

(Млечак: ) “Нэрвовасьць прэзыдэнта Беларусі непатрэбная. Дарэмныя і ягоныя папярэджаньні што да прысутнасьці амэрыканскіх войскаў ці войскаў НАТО каля беларускай мяжы. Справа ў тым, што цяпер Польшча не вядзе ніякіх размоваў у справе пераносу амэрыканскіх вайсковых базаў ці базаў іншых краінаў на сваю тэрыторыю. Канечне, мы ўжо 4 гады ёсьць сябрам НАТО, і можа быць, гэта нэрвуе нашага ўсходняга суседа. Але сяброўства ў НАТО вынікае з нашай замежнай палітыкі, і мы знаходзімся ў гэтай найлепшай сыстэме сусьветнай бясьпекі не дзеля таго, каб быць супраць кагосьці, а менавіта для ўласнай бясьпекі. Мы нікому не пагражаем і, яшчэ раз паўтаруся, не зьбіраемся разьмяшчаць вайсковых базаў іншых краінаў на тэрыторыі Польшчы”.

Паводле словаў палкоўніка Млечака, польскі бок пакуль ня можа ацэньваць, ці былі б амэрыканскія базы на польскай тэрыторыі пагрозай для Беларусі, бо для якіх заўгодна прагнозаў міністэрства абароны падтрабуе перадусім палітычнага рашэньня ў гэтай справе. Ці гэтае рашэньне будзе і калі, пакуль невядома.

На пачатку траўня найбольш масавы польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza” напісаў, што сакрэтныя перамовы ў справе пераносу амэрыканскіх базаў зь Нямеччыны ў Польшчу ўжо вяліся ў Вашынгтоне.

Паводле інфармацыі “Gazety Wyborczej”, першая амэрыканская база зьявіцца ў мястэчку Кшэсіны каля Познані, на захадзе Польшчы ўжо ў 2006 годзе.

Штодзёньнік напісаў таксама, што акрамя Кшэсін, шанец на разьмяшчэньне амэрыканскіх вайсковых базаў маюць яшчэ некалькі польскіх мястэчак, у тым ліку і Мінск-Мазавецкі, які месьціцца на адлегласьці прыкладна 150 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

А напрыканцы мінулага тыдня ў часе візыту ў Польшчу прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сказаў, што ягоная адміністрацыя сапраўды зьбіраецца перанесьці частку сваіх базаў зь Нямеччыны ва Ўсходнюю Эўропу і пры гэтым не забудзецца на сваіх хаўрусьнікаў. Варта ўзгадаць, што некалькі месяцаў таму амэрыканскі прэзыдэнт назваў найлепшым хаўрусьнікам ЗША ў Эўропе менавіта Польшчу.
XS
SM
MD
LG