Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭСТЫ-КОЛАСАЎЦЫ ЗДАЮЦЬ ІСПЫТЫ, А ІХНЫЯ БАЦЬКІ РЫХТУЮЦЦА ДА АБАРОНЫ ЛІЦЭЮ


Любоў Лунёва, Менск

Ліцэісты здаюць іспыты. Яны пагадзіліся выканаць просьбу бацькоў і настаўнікаў устрымацца ад правядзеньня вулічных акцыяў, але паведамілі, што гэта толькі на час іспытаў. Ліцэісты лічаць, што ня варта выконваць загад новай дырэктаркі, які тычыцца дзяржаўнай сымболікі. Гаворыць Кацярына Сьцяткевіч:

(Сьцяткевіч: ) “У ліцэі ёсьць свая сымболіка, і мне здаецца, што будзе дастаткова, калі ў ліцэі будзе сымболіка ліцэю. Гэта герб з выявай жолуда. Неабавязкова, каб была дзяржаўная сымболіка ў навучальнай установе”.

Я сустрэла ліцэістаў ІІ курсу ў калідоры на чацьвертым паверсе. Яны здавалі іспыт Лявону Баршчэўскаму і Васілю Сёмуху. Філіп Плюшчаў выйшаў з аўдыторыі, яго адразу акружылі сябры.

(Плюшчаў: ) “У мяне было пытаньне пра помнікі старажытнага Ўсходу, другое пытаньне пра Францыска Скарыну, ягонае жыцьцё, ягоныя гуманістычныя ідэі ў прамовах, пасьляслоўях, а трэцяе пытаньне было — расказаць урывак паэмы “Песьня пра Зубра” Міколы Гусоўскага. Ну, я адказаў на ўсе”.

Ліцэісты не зайздросьцяць сваім адналеткам, якія ня вучацца ў суботы.

(Кацярына: ) “У суботы нам настаўнікі пастараліся паставіць ня вельмі цяжкія прадметы. Ужо й ня думаеш пра тое, што хтосьці адпачывае”.

(Карэспандэнтка: ) “Шмат часу вы праводзіце ў ліцэі, напрыклад, пасьля ўрокаў?”

(Юлія: ) “Заняткі заканчваюцца прыкладна а 2–3 гадзіне. Бываюць яшчэ дадатковыя заняткі”.

(Алена: ) “А потым папросту пачынаецца пазакляснае жыцьцё. Даволі часта прыходзім да дому а 9-й гадзіне, і маці пытаецца: “Дзе ты была. Зноў у ліцэі? Я цябе зусім ня бачу!”

(Карэспандэнтка: ) “Ты займаесься ў тэатральнай студыі?”

(Павал Супуненка: ) “Так. Мы ставім “Паўлінку”. Я там Быкоўскі. Адкуль вы ведаеце? Канечне, мне падабаецца. Супэр!”

Вядома, менавіта самі вучні маюць самы рашучы настрой. Яны штодня тэлефануюць выпускнікам ліцэю і абмяркоўваюць свае дзеяньні. Яны паведамілі, што калі спатрэбіцца, зьбяруць каля дзьвюх тысяч чалавек. Пакуль ліцэісты здаюць іспыты і чакаюць нейкага рашэньня ад міністра адукацыі, іх бацькі зьбіраюцца на бацькоўскія сходы, каб выпрацаваць агульную стратэгію і тактыку ў справе абароны alma mater сваіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG