Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВІНАВАЧАНЬНІ СУПРАЦЬ УРАДУ ВЯЛІКАБРЫТАНІІ БУДЗЕ РАЗГЛЯДАЦЬ ПАРЛЯМЭНЦКАЯ КАМІСІІ ВЫВЕДКІ І БЯСЬПЕКІ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Пачаткова галоўнымі апанэнтамі Блэра выступілі апазыцыянэры зь ягонай жа ўласнай лейбарысцкай партыі – былая сакратар офіса па міжнародным разьвіцьці Клэр Шорт і былы кіраўнік міністэрства замежных справаў Робін Кук. Учора Робін Кук заявіў, што, па прыкладу амэрыканскага Кангрэса, падобнае парлямэнцкае сьледзтва неабходна правесьці і ў Вялікабрытаніі – якая таксама паслала свае войскі ў Ірак, спасылаючыся на пагрозу зброі масавага зьнішчэньня з боку Садама Хусэйна.

Сёньня ў парлямэнце Тоні Блэр адкінуў патрабаваньні правядзеньня адкрытых юрыдычных слуханьняў па гэтым пытаньні. Аднак ён пагадзіўся супрацоўнічаць з закрытым разглядам справы ў парлямэнцкай Камісіі выведкі і бясьпекі, абяцаючы, аднак, апублікаваць вынікі такога разгляду.

Абвінавачаньні ўраду ці то ў памылцы, ці то наўмыснай падробцы выведчай інфармацыі горача абмяркоўваюцца і ў брытанскіх СМІ. Пэўна, самая экзатычная вэрсія цяперашніх падзеяў была працытаваная сёньняшняй газэтай “Times” са словаў неназваных сябраў брытанскага кабінэту міністраў. Паводле іх, нейкія зламысныя элемэнты з уласных брытанскіх спэцслужбаў зарганізавалі распальваньне гэтага скандалу, неафіцыйна распаўсюджваючы адпаведныя зьвесткі ў палітычных колах і ў прэсе, у мэтах падрыву цяперашняга лейбарысцкага ўраду Вялікабрытаніі.

Як заўважаюць палітычныя камэнтатары, аналягічнае разьбіральніцтва ў Кангрэсе ЗША наўрад ці сур’ёзна пашкодзіць палітычным пазыцыям Джорджа Буша. Аднак у Брытаніі значная частка грамадзтва і палітычнай эліты ад самага пачатку скептычна ставілася да юрыдычнай абгрунтаванасьці гэтай вайны. Нагадайма, што Брытанія ўзяла ўдзел у вайне менавіта на падставах наяўнасьці пагрозы зброі масавага зьнішчэньня Садама Хусэйна, а парлямэнцкая ўхвала ваенных дзеяньняў была атрыманая ў вялікай ступені дзякуючы асабістым запэўненьням Тоні Блэра наконт рэальнасьці гэтай пагрозы. Таму брытанскае палітычнае кіраўніцтва апынулася цяпер ў нашмат больш непрыемнай сітуацыі, чым амэрыканскае. Аднак жа сам Тоні Блэр і надалей настойвае на сапраўдным існаваньні ірацкай зброі масавага зьнішчэньня; ён таксама паабяцаў хутка прадставіць новыя пераканаўчыя доказы існаваньня ў Іраку гэтай зброі. Выглядае, што на гэтыя новыя доказы, абяцаныя прэм’ерам, ставіцца цяпер даволі шмат з абодвух бакоў брытанскага палітычнага фронту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG