Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНОЎ ПРЫПЫНІЛІ ВЫДАНЬНЕ “БЕЛОРУССКОЙ ДЕЛОВОЙ ГАЗЕТЫ” — ЦЯПЕР ГЭТА ЗРАБІЛА ДРУКАРНЯ


Юры Сьвірко, Менск

У менскіх шапіках у невялікай колькасьці зьявіліся два сьвежыя выпускі “Белорусской деловой газеты” — іх амаль адразу раскупілі. Рэдакцыя “БДГ”, якую я наведаў раніцай у сераду, рыхтавала чарговы нумар пад шапкай “Предпринимательской газеты”. Але ў абед стала вядома, што друкарня “Чырвоная зорка” паведаміла пра тэхнічную немагчымасьць выпусьціць гэты нумар.

Я патэлефанаваў у прыёмную дырэктара “Чырвонай зоркі” й меў наступны дыялёг зь ягонай сакратаркай:

(Карэспандэнт: ) “А можна з вашым дырэктарам паразмаўляць?”

(Сакратарка: ) “Вы ведаеце, яго выклікалі ў Міністэрства інфармацыі. Пазьней крыху будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ня ведаеце — вашага дырэктара выклікалі таму, што заўтра ня будзе выходзіць “БДГ” у вас?”

(Сакратарка: ) “Вось гэта без паняцьця. Але хутчэй за ўсё”.

Сакратарка дырэктара друкарні параіла зьвязацца з галоўным інжынэрам Уладзімерам Нікіценкам, які распавёў, што сапсавалася друкарская машына.

(Нікіценка: ) “Ёсьць нюансы. Мне цяжка зараз адказаць, у чым прычына, але хутчэй за ўсё — у тэмпэратурных рэжымах: барахліць электроніка”.

(Карэспандэнт: ) “А калі Вы гэта даведаліся?”

(Нікіценка: ) “Не магу я сказаць дакладна. Дакладнага адказу мне ніхто ня даў. Тэмпэратурныя рэжымы — гэта мяркуецца. І ўчора, і сёньня яна ня тое што нестабільна працуе — пачварна”.

Спадару Нікіценку я задаў пытаньне, ці зможа “Чырвоная зорка” ўвогуле друкаваць цяпер газэты.

(Нікіценка: ) “Будзем старацца, але што атрымаецца — я вам адказаць не магу. Звычайна ў друкарнях ставіцца дзьве машыны, праўда? У нас гэта першы экзэмпляр, і ён сыры, недапрацаваны. Таму сказаць канкрэтна й дзе што вылезе — я проста ня ў стане”.

Гэтая размова з галоўным інжынэрам друкарні “Чырвоная зорка” адбывалася ў той час, калі ў рэдакцыі “БДГ” ужо мелі ліст ад дырэктара спадара Целеша. Галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна працытавала гэты ліст:

(Калінкіна: ) “У зьвязку зь нездавальняючым тэхнічным станам друкарскай машыны й немагчымасьцю выкананьня раней складзеных дамоваў наконт друкаваньня газэт “Эхо” і “Предпринимательская газета” прыношу свае прабачэньні ды паведамляю вам пра тое, што пералічаныя вышэй выданьні з 4 чэрвеня 2003 году ў вытворчасьць прынятыя ня будуць, а дамовы прашу лічыць скасаванымі”.

(Карэспандэнт: ) “І што рэдакцыя “БДГ” будзе рабіць у такіх умовах?”

(Калінкіна: ) “Зараз мы шукаем нейкую іншую друкарню, але першыя нашыя перамовы з усімі друкарнямі Менскай вобласьці наводзяць на думку, што яны ўжо ўсе папярэджаныя, і кожны шукае нейкія адгаворкі. Ці зьнікае дырэктар друкарні, які можа прыняць такое рашэньне. На гэты момант гэтыя перамовы ні да чаго не прывялі. Але ў нас застаецца самы крайні варыянт — друкаваць газэту, напрыклад, у Смаленску”.

(Карэспандэнт: ) “Ці значыць гэта, што на гэтым тыдні “Белорусская деловая газета”, хутчэй за ўсё, ня выйдзе?”

(Калінкіна: ) “Белорусская деловая газета” на гэтым тыдні абавязкова выйдзе, але, магчыма, будзе надрукаваная на тэрыторыі іншай краіны. У 1996 годзе мы друкаваліся ў Літве, бо гэта бліжэй да Менску, але зараз там вельмі складаныя мытныя працэдуры”.


Як пазьней паведаміла рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна, паводле пэўных зьвестак, сёньня быў звольнены дырэктар друкарні “Чырвоная зорка” сп. Целеш. Прадстаўніца Мінінфарму Лілія Богдан пацьвердзіла, што такі загад аб звальненьні сапраўды падпісаны, але адмовілася падаць фармулёўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG