Як і чакалася, справа Міхаіла Лявонава зацягнулася. Паводле адваката Аляксандра Самусева, які абараняе Лявонава, дасьледаваная толькі пятая частка матэрыялаў справы, хаця працэс цягнецца ўжо амаль паўтара месяца. Замаруджваньне адбылося ў тым ліку з-за таго, што вывучаюцца дастаткова цяжкія і заблытаныя гаспадарчыя праблемы, уласьцівыя Беларусі канца 1990-х гадоў. У той час у дачыненьнях прадпрыемстваў на 90% яшчэ панаваў бартэр. Грошаў катастрафічна не хапала, а загад ураду “не спыняць канвэер!”трэба было абавязкова выконваць. На думку адвакатаў, сьледчыя, якія рыхтавалі справу, недастаткова ўлічылі гэтыя акалічнасьці.
(Самусеў: ) “Мяркую, абвінавачаньне недастаткова полна разабралася ў эканамічнай сытуацыі, якая склалася на той момант. Прадпрыемства працавала ў вельмі складаных умовах, і гэта відавочна. Што да юрыдычнай адзнакі, то, на маю думку, дагэтуль абвінавачаньне не падало доказаў віны Лявонава”, — лічыць адвакат Аляксандар Самусеў.
А вось пазыцыі абвінавачанага, на думку абаронцаў, сталі мацнейшыя. Гэтак, пазаўчора Лявонаў з адвакатамі дамагліся далучэньня да справы матэрыялаў, якія даказваюць, што экс-дырэктар не датычны да дзейнасьці фірмы “Кан”. Высьветлена, што гэтая фірма пры канцы 1990-х гадоў спэкулявала трактарамі “Беларусь”, закупленымі на МТЗ па нізкіх коштах. Паводле сьледзтва, нібыта гэтаму спрыяў Лявонаў. Аднак у дакумэнце, які прадставіў суду экс-дырэктар, гэтая вэрсія абвяргаецца.
Цяпер суд вывучае іншы эпізод з аналягічным абвінавачаньнем. Ён тычыцца дзейнасьці ў Беларусі фірмы “Маркетынг” пад кіраўніцтвам грамадзяніна Ўкраіны Манашырава. Нібыта Міхаіл Лявонаў лабіяваў інтарэсы гэтага пастаўца дэфіцытных камплектных, за што атрымліваў ад яго грашовыя ўзнагароды.
Аднак сьведка Валер Садоўскі, былы намесьнік дырэктара МТЗ па камплектацыі, гэтую вэрсію не падзяляе. Сёньня, выступаючы ў судзе, ён заявіў, што ў свой час сам пазнаёміў Лявонава з Манашыравым як з чалавекам, карысным для паставак помпаў, колавых дыскаў і шынаў на МТЗ. Далей на загад Лявонава Садоўскі рыхтаваў і падпісваў кантракты з Манашыравым на пастаўкі камплектных, але гэта быў звычайны парадак. Цікавая акалічнасьць. Пры тым, што сьведка харакратызаваў Лявонава як “вельмі амбітнага чалавека” і нават паведаміў, што Лявонаў яго фактычна звольніў з заводу, былы намесьнік усё ж ня лічыць, што дырэктар штучна стварыў спрыяльныя для камэрсанта ўмовы супрацоўніцтва з МТЗ. Між тым, якраз на гэтым меркаваньні і грунтуецца абвінавачаньне Міхаіла Лявонава з боку пракуратуры.
Варта дадаць пра ўмовы, у якіх праходзіць працэс. З самай прасторнай залі Вярхоўнага суду працэс перавялі ў самую малую. Маўляў, з тае прычыны, што няма наведнікаў. Між тым, ахову Лявонава ня зьменшылі. Як і раней, ён сядзіць ў жалезнай клетцы, якую пільнуюць ажно шасьцёра міліцыянтаў.