Заснавальнікі блёку гавораць, што галоўная іхная мэта — прыход да ўлады ў Беларусі дэмакратычных сілаў. Ажыцьцявіць гэтую мэту яны зьбіраюцца празь перамогу на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Гаворыць Андрэй Саньнікаў:
(Саньнікаў: ) “Я разумею, што вінаватым будзе ня Лукашэнка, калі краіна апынецца ў іншым месцы. А вінаватымі будзем усе мы з вамі, калі мы ня здолеем супрацьстаяць усяму гэтаму”.
Ён таксама зазначыў, што блёк ствараюць ня ўжо існыя партыі й арганізацыі, а менавіта асобы, якія падзяляюць каштоўнасьці незалежнасьці Беларусі й дэмакратыі. Ставаральнікі блёку гавораць, што будуць рыхтавацца да ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, і вылучаць кандыдатаў па ўсіх 110 акругах. Дзеля гэтага арганізатары будуць ствараць структуры ў рэгіёнах, але пакуль не імкнуцца рэгістраваць блёк у дзяржаўных органах. Разам з тым, яны зьбіраюцца рыхтаваць кадры для будучага беларускага дэмакратычнага ўраду.
Заснавальнікі блёку — людзі розных прафэсіяў і заняткаў, вырашылі аб’яднацца, бо ў цяперашняй Беларусі ня маюць магчымасьці нармальна займацца сваёй справай. Гаворыць Ірына Красоўская:
(Красоўская: ) “Я далучылася да блёку “Свабодная Беларусь”, бо хачу, каб мая сям’я, мае калегі, суседзі, каб усе людзі жылі ў свабоднай краіне, якую я вельмі люблю. І я лічу, што свабода ў гэтай краіне будзе магчымай толькі калі зьменіцца ўлада”.
Пра тое, як зьбіраюцца сябры блёку будаваць дачыненьні зь іншымі апазыцыйнымі партыямі, распавядае Андрэй Саньнікаў:
(Саньнікаў: ) “Блёк ствараўся не на партыйнай аснове. Мы вядзем перамовы найперш з актывістамі і асобамі. А як партыі будуць удзельнічаць, гэта залежыць ад таго, як яны будуць падыходзіць да новых зьяваў у беларускай палітыцы. І як яны будуць увогуле ставіцца да сытуацыі ў Беларусі. Прабачце, але я не заўважаю ў партыяў такой накіраванасьці на перамогу. На выкарыстаньне той сытуацыі, якая склалася сёньня”.
Вядома, што стварэньне новай палітычнай арганізацыі часам выклікае даволі раўнівую рэакцыю з боку існых партыяў. Вось як пракамэнтаваў стварэньне блёку “Свабодная Беларусь” лідэр БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Для таго, каб любая ініцыятыва стала сілай, трэба каб прайшоў нейкі час. Трэба, каб любая новая ініцыятыва засьведчыла ў дзеяньні, у прыцягненьні тысячаў людзей, у пашырэньні сваіх структураў на ўсю Беларусь сваю жыцьцяздольнасьць. Пакуль гэтага няма, я думаю, рана гаварыць пра жыцьцяздольнасьць многіх ініцыятываў, якія апошнімі тыднямі адна за адной зьяўляюцца”.
Лідэры блёку, аднак, не выключаюць супрацоўніцтва зь іншымі партыямі падчас выбарчых кампаніяў.