Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СВАБОДА СЛОВА ПА-БЕЛАРУСКУ — У ЦЭНТРЫ ЎВАГІ ЭЎРАПЕЙСКІХ МЭДЫЯЎ


Ул. інф.

Сюжэт нямецкіх тэлежурналістаў называецца адным нямецкім словам “Kalgestellt” — у перакладзе на беларускую мову “адхілены ад прафэсійных абавязкаў”. Сюжэт прысьвечаны рэдактару газэты “Рабочы” Віктару Івашкевічу, але, як перакананыя аўтары, падобная гісторыя можа здарыцца ў Беларусі зь любым журналістам, які сумленна робіць сваю прафэсійную справу.

Уся гісторыя з публікацыяй, за якую Віктар Івашкевіч атрымаў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі, ва ўмовах Нямеччыны ў горшым выпадку магла выліцца ў вымову з боку Рады прэсы, — сьцьвярджаюць аўтары рэпартажу. Аднак у Беларусі, дзе ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека, усё выглядае інакш.

І Віктар Івашкевіч, і ягоныя іншыя калегі, якія перасьледуюцца ўладамі, ёсьць ахвярамі падвойнай маралі прэзыдэнта Лукашэнкі. На афіцыйным узроўні, у сваіх прамовах гэты чалавек патрабуе ад журналістаў незалежнасьці й аб’ектыўнасьці. Зь іншага боку, існуе Закон аб друку, які прадугледжвае жорсткія пакараньні ўсім тым, хто нейкім чынам змог пакрыўдзіць Лукашэнку. Відавочна, што ўлады хочуць запалохаць журналістаў: маўчыце, а калі ня будзеце маўчаць, вас чакае той самы лёс, што і Івашкевіча — адхіленьне ад прафэсійнай працы, высылка на выпраўленчыя працы.

Як і ў выпадку з Івашкевічам, выпраўляць мусіць ня толькі праца, але і само жытло — нязграбны, няўтульны, трухлявы будынак адмысловага баранавіцкага інтэрнату зь зялёнымі кратамі на вокнах. На 150 чалавек тут маецца адзіны душ, дый той з халоднай вадой.

Паводле Івашкевіча, цяпер усё ў ягоным жыцьці залежыць выключна ад кіраўніцтва інтэрнату. “Менавіта гэтыя людзі вырашаюць, што мне дазволена, а што не, — гаворыць Віктар. — Яны могуць сказаць мне: ты ня так неяк на нас глядзіш, альбо твой пакой дрэнна прыбраны. Трох такіх папярэджаньняў дастаткова, каб трапіць у сапраўдную турму”.

Як перадаюць журналісты “ZDF”, час Лукашэнкавага кіраваньня вызначаецца надзвычайнымі агрэсіяй і дэспатызмам. Беларускаму кіраўніку падпарадкоўваюцца ўсе сілавыя і праваахоўчыя структуры, у кампэтэнцыі якіх пільнаваць апанэнтаў рэжыму. Падобная палітыка адбіваецца на грамадзтве вельмі нэгатыўна. Рэформы буксуюць, жыцьцёвы ўзровень насельніцтва зьніжаецца, прамысловая база і сельская гаспадарка ў поўным заняпадзе.

Віктар Івашкевіч, які працуе цяпер кур’ерам мясцовай газэты, не выглядае запалоханым: “Магчыма, Лукашэнка і мог бы запалохаць мяне раней. Цяпер жа — запозна. Я перакананы парушальнік ягоных законаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG