Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШТОГАДОВАЙ СПРАВАЗДАЧЫ “FREEDOM HOUSE” БЕЛАРУСЬ ЗАЛІЧАНАЯ ДА КРАІНАЎ ЖОРСТКАЙ АЎТАКРАТЫІ


Віталь Тарас, Прага

Дакумэнт азагалоўлены “Краіны пераходнага пэрыяду” і мае другую назву: “Рэйтынг дэмакратызацыі”. Гэты рэйтынг складаецца штогод на падставе ацэнак экспэртаў з усяго сьвету. Сытуацыя ў кожнай посткамуністычнай краіне ацэньваецца з гледзішча дэмакратычных працэсаў – такіх як выбары, станаўленьне грамадзянскай супольнасьці, наяўнасьць незалежных мэдыяў. Другі ня менш важны паказчык – гэта ўзровень законнасьці й правапарадку. Ён улучае ў сябе таксама цэлы спэктар паказчыкаў – ад стану правоў чалавека да ўзроўню карупцыі ў краіне. Кожны паказчык ацэньваецца паводле сямібальнай шкалы, дзе адзінка – найвышэйшы бал, а сямёрка – сам нізкі.

Беларусь паводле дэмакратызацыі атрымала адзнаку 6,63 бала. Ніжэйшы рэйтынг толькі ў Туркмэністану – 6,94. Гэта ўжо амаль абсалютны максымум адсутнасьці прагрэсу. Дзеля параўнаньня, Польшча ў гэтым рэйтынгу мае ўсяго 1,63, Чэхія – 2 балы. Разам зь іншымі краінамі-суседзямі яны складаюць першую групу: краіны з разьвітай дэмакратыяй. Тут адрозьніваюцца ў лепшы бок нават самыя ўмовы збору інфармацыі. Вось што сказаў, прэзэнтуючы ў Вашынгтоне даклад па выніках 2002 году, прадстаўнік “Freedom House” Майкл Гольдфарб:

(Гольдфарб: ) “З усяго рэгіёну найлепшыя паказчыкі былі толькі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і на Балканах. За выключэньнем краінаў Балтыі, пераважная большасьць былых рэспублік Савецкага Саюзу працягваюць адставаць”.

У дакладзе ўтрымліваецца даволі моцная крытыка на адрас Расеі, якая з кожным годам, пачынаючы ад 1997-га, губляе балы ў рэйтынгу дэмакратызацыі. Яна патрапіла ў выніку ў лік краінаў зь пераходным рэжымам – такіх, як Грузія, Малдова, Украіна.

Перад гэтым ідзе група краінаў з адносна разьвітай дэмакратыяй – сярод іх Баўгарыя, Румынія, Альбанія. Пераходныя краіны мы ўжо згадвалі. Далей ідуць аўтакратычныя рэжымы – Азэрбайджан, Таджыкістан, Кыргызтан. Рэзкая крытыка ў дакладзе, прыкладам, выказваецца на адрас Аскара Акаева, якія яшчэ нядаўна лічыўся адносна дэмакратычным лідэрам. Крытыка зьвязаная з жорсткім уціскам кыргзскай апазыцыі. Ну, і замыкаюць сьпіс, як ужо гаварылася, Беларусь і Туркмэністан.

Я прывёў бы тут літаральна яшчэ некалькі паказчыкаў. Туркмэністан мае рэкордна нізкія паказьнікі амаль ва ўсіх сфэрах грамадзкага разьвіцьця – 7 балаў. Але ў ступені дэмакратычнасьці выбарнага працэсу альбо ў незалежнасьці мэдыяў Беларусь апераджае гэтую цэнтральнаазіяцкую краіну ўсяго на 0,25 бала. Паводле ступені карупцыі паказчык Беларусі, быццам бы, неблагі – 5,5. У Азэрбайджане, ці Грузіі, ўзровень карупцыі ацэньваецца больш як у 6 балаў. Але ж у Эстоніі ён – крыху большы за 2, а ў Славеніі – нават меншы.

Падрабязьней з “Рэйтынгам дэмакратызацыі” па выніках 2002 году можна пазнаёміцца на сайце www.freedomhouse.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG