Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІДЭКАМЭРЫ ЗЬНЕШНЯГА САЧЭНЬНЯ НА СТАЛІЧНЫХ ВУЛІЦАХ: СУРОВАЯ НЕАБХОДНАСЬЦЬ ЦІ ПРЫХАМАЦЬ ВУАЕРЫСТАЎ?

Ігар Карней, Менск

Падобная практыка, натуральна, не прадугледжвае, што камэры будуць вісець на кожным кроку. Але яны ўжо зьявіліся у раёнах Паштамту, ГУМу, Цэнтральнага ўнівэрсаму, ля Палацу Рэспублікі, на шэрагу будынкаў на праспэкце Францішка Скарыны. Што да будынкаў КГБ і МУС, дык на іх відэакамэры яшчэ раней віселі, як на навагодняй ёлцы.

У менскім гарвыканкаме мне паведамілі, што ў пэрспэктыве амаль усе будынкі на праспэктах Скарыны і Машэрава і ў прылеглых да іх кварталах будуць забясьпечаныя назіральнай відэатэхнікай. Але і гэта ня ўсё. Адна з выканкамаўскіх супрацоўніц запэўніла, што як толькі будзе скончаная плянавая рэстаўрацыя падземных пераходаў на праспэкце Скарыны, усе яны адразу ж будуць абсталяваныя відэакамэрамі. Мая суразмоўца пацьвердзіла, што пераходы — галоўныя аб’екты клопату гарадзкіх уладаў. Маўляў, маючы сумны досьвед Нямігі, падобныя захады проста непазьбежныя.

Не даводзіцца спрачацца, што відэаназіраньне — практыка міжнародная. У мэгаполісах відэакамэрамі абсталяваная бальшыня банкавых установаў, офісаў, камэры ёсьць на вуліцах, ля буйных крамаў. Я, натуральна, разумею, што трэба рабіць розныя захады, каб забясьпечыць бясьпеку людзей. Але ў варунках Беларусі гэткая навіна, хутчэй за ўсё, мае яшчэ адно практычнае значэньне.

Кожны, хто калі-небудзе браў удзел у мітынгах апазыцыі (а яны, як правіла, ладзяцца ў цэнтры гораду), ведае, як рупліва здымаюць на камэры ўдзельнікаў шэсьцяў цывільныя супрацоўнікі шматлікіх органаў. Потым на падставе гэтых кадраў людзей цягнуць у суды. Цяпер праблема неахопленасьці тэрыторыі зможа вырашыцца паўсюднасьцю “відэавачэй” — дый ніхто ня робіць сакрэту, што маніторы ўсталяваныя ў раённых аддзелах міліцыі, куды ўрэшце трапляюць затрыманыя апазыцыянэры альбо выпадковыя мінакі.

Але часам заўзятасьць у выкананьні загадаў даходзіць да маразму. Прыкладам, у прыбіральні Палацу прафсаюзаў (прынамсі, у мужчынскай — дакладна) нядаўна зьявілася такая арыгінальная абвестка: “Відэаназіраньне ў прыбіральні ўсталяванае дзеля вашай бясьпекі”. Сталыя наведнікі бараў Палацу ўжо назвалі гэтае месца “прыбіральняй вуаерыстаў”. Зрэшты, можна дапусьціць, што ў дадзеным выпадку дырэкцыя паступіла прынамсі шчыра. У іншых жа месцах Менску права чалавека на “публічную адзіноту” і недасягальнасьць чужым вачам не гарантуецца, і нікога не папярэджваюць, што за імі, “дзеля іхнай жа бясьпекі”, назіраюць.

Нарэшце, учора, непасрэдна пад вулічнымі камэрамі, я зрабіў міні-апытаньне мінакоў. Бальшыня наогул была зьдзіўленая зваротам — як яны ставяцца да таго, што іх здымае міліцыя. Мала хто нават падазраваў, што за імі могуць сачыць. Зрэшты, найбольш уразіла рэакцыя аднаго сярэдняга ўзросту мужчыны, які толькі разгублена разьвёў рукі: маўляў, цяпер яго могуць шантажаваць, што тут ён сустракаецца з каханкай.
XS
SM
MD
LG