Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТОЕ, ШТО ЗДАРЫЛАСЯ, ПАКІДАЕ СВАЕ СЬЛЯДЫ”


Натальля Судлянкова, Прага

Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш і францускі лідэр Жак Шырак, як кажуць на мове дыпляматаў, нармалізавалі свае адносіны. Гэта азначае, што зараз яны размаўляюць адзін з адным адносна цёпла ці прынамсі ветліва пасьля месяцаў халоднай варожасьці. Учора ў францускім Эвіяне два лідэры размаўлялі сам-насам паўгадзіны. Шырак назваў гэтую размову вельмі пазытыўнай. Буш – прыемнай.

І тым ня менш, францускія аналітыкі перакананыя, што фундамэнтальных зьменаў у адносінах не адбылося. На думку Франсуа Гайзбурга з парыскага Фонду стратэгічных дасьледаваньняў, асноўным спрэчным пунктам ва ўзаемадачыненьнях застаецца розны падыход да сучаснага сьвету. На думку Гайзбурга, Парыж бачыць гэты сьвет шматпалярным, у сваю чаргу, Вашынгтон – аднапалярным.

Аналітык Фонду стратэгічных дасьледаваньняў Бруна Тэтраіс перакананы, што ў найбліжэйшым будучым стасункі паміж дзьвюма краінамі будуць зьведзеныя да ўзроўню “рабочых адносінаў паміж сяброўскімі дзяржавамі”. Але, як падкрэсьліў сп. Тэтраіс, пакуль Жак Шырак і Джордж Буш будуць заставацца прэзыдэнтамі Францыі і Злучаных Штатаў, цяжка сабе ўявіць паляпшэньне гэтых стасункаў.

Эт’ен дэ Дуран – аналітык Францускага інстытуту міжнародных дачыненьняў – занепакоены магчымым пагаршэньнем дачыненьняў у сфэры ваеннага супрацоўніцтва. Сп. Дуран зьвярнуў увагу на тое, што супрацоўніцтва менавіта з Францыяй важнае для Злучаных Штатаў, таму што Францыя – адная з тых нешматлікіх краінаў, якія могуць браць шырокамаштабны ўдзел у міратворчых апэрацыях у розных краінах сьвету. І тым ня менш, на ягоную думку, стратэгічная лінія замежнай палітыкі ЗША, накіраваная супраць разбурэньня мастоў у ваенным супрацоўніцтве, супярэчыць тактычным палітычным крокам, накіраваным на нанясеньне гэтак званага ўдару ў адказ.

На думку Эт’ена Дурана, адносіны паміж Парыжам і Вашынгтонам рэзка не палепшацца, нават калі абодва прэзыдэнты ўжо ня будуць кіраваць сваімі краінамі. “Тое, што здарылася, пакідае свае сьляды”, – адзначае францускі аналітык.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG