Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ ВЕРНІКАЎ ІНДУІСЦКАЙ КАНФЭСІІ


Любоў Лунёва, Менск

Сябры індуісцкай суполкі "Шава-Шакта" ня маюць магчымасьці праводзіць сумесныя малітвы нават у прыватнай кватэры. Як толькі яны зьбіраюцца, у кватэру прыходзяць міліцыянты. Тыдзень таму міліцыянты спаслаліся на скаргі суседзяў, якія нібыта іх выклікалі, бо ім перашкаджалі адпачываць. Міліцыянты перапісалі прозьвішчы ўсіх прысутных і патрабавалі, каб усе разышліся. Гаворыць Марыя Вяткіна:

(Вяткіна: ) "Яны паводзілі сябе вельмі нахабна. Пагражалі, казалі, што, калі мы яшчэ раз зьбярэмся, то яны нас затрымаюць і зноў у суд. Казалі, што нас пасадзяць і аштрафуюць. пасьля таго, як прынялі закон "Аб рэлігіях" мы адчулі на сабе ціск з боку ўладаў. Нам казалі, што, калі б мы былі праваслаўнымі хрысьціянамі, то да нас не было б прэтэнзіяў. А паколькі мы індуісты, то нас паўсюль штурхаюць... Нам няма дзе маліцца. Калі мы йдзем у парк, нас хапаюць і абвінавачваюць у несанкцыянаваным шэсьці. Калі ж мы ўжо зьбяромся, нас абвінавачваюць у несанкцыянаваным сходзе, альбо мітынгу".

Нагадаем, летась некалькі дзясяткаў сяброў індуісцкай суполкі затрымалі міліцыянты Фрунзенскага аддзелу міліцыі, калі тыя йшлі ў парк "60-годзьдзя БССР" для сумеснай мэдытацыі. Індуістаў абвінавацілі і судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Некалькі чалавек арыштавалі, астатніх пакаралі вялізнымі штрафамі. У жніўні індуісты выйшлі на пікет у абарону рэлігійных меншасьцяў. Усіх затрымалі амонаўцы, а судзьдзя Цэнтральнага суду Тацяна Паўлючук пакарала іх арыштамі ад 10 да 15 сутак.

Два месяцы таму, ня вытрымаўшы перасьледу, сьвятар суполкі і ягоная жонка Сяргей і Тацяна Акаданавы зьехалі ў ЗША і папрасілі там палітычнага прытулку. Сябры суполкі "Шава-Шакта" лічаць, што іх наўмысна падштурхоўваюць пакідаць краіну. Амаль усе сябры суполкі маюць вышэйшую адукацыю і неблагія спэцыялісты ў сваіх прафэсіях. Сям'я Ірыны і Сяргея Сілібіных апынулася ў цяжкім стане. Летась за несанкцыянаваны пікет Сяргей Сілібін адседзеў 10 сутак арышта, а ягоная жонка Ірына павінна плаціць штраф 900 амэрыканскіх даляраў. Ірына не працуе. Яна даглядае маленькага сына і сама цяжарная. Але апошнім часам і судовыя выканаўцы і міліцыя патрабуюць тэрмінова заплаціць. Гаворыць Ірына Сілібіна:

(Сілібіна: ) "Мне пагражаюць, што калі я не заплачу гэтыя грошы, то мяне пасадзяць. А майго мужа днямі, калі ён выйшаў з пад'езда, моцна зьбілі невядомыя... Яго так зьбілі, што ён трапіў у шпіталь. Я ня ведаю, што мне рабіць".

Сябры суполкі маюць намер падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, але мала спадзяюцца на станоўчы вынік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG