Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА ВЫКОНВАЦЬ ПАТРАБАВАНЬНІ НАВУЧЭНЦАЎ ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ І ІХНЫХ БАЦЬКОЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сытуацыя вакол Беларускага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа цяпер у стане часовага зацішша. Сустрэча намесьніка міністра адукацыі Казімера Фарыны зь цяперашнім кіраўніцтвам ліцэю прызначаная на 6 чэрвеня.

Тым часам актывісты бацькоўскага камітэту Гуманітарнага ліцэю прынялі рашэньне распачаць вулічныя акцыі пратэсту ў справе абароны ўстановы, дзе вучацца іх дзеці. Гаворыць актывіст бацькоўскага камітэту Сяргей Занковіч:

(Занковіч: ) "Мы бы не хацелі даводзіць справу да нейкіх акцыяў. Мы хочам, каб нашым дзецям забясьпечылі спакойнае навучаньне, каб дзяцей урэшце пакінулі ў спакоі. Бо па ўсіх пытаньнях можна пры жаданьні знайсьці рашэньне. Можна аб нечым дамовіцца й усе пытаньні вырашыць. Але пасьля таго зьдзеку, які адбыўся з г.зв. прызначэньнем спадарыні Шчарбачэвіч, мы проста ня зможам устрымаць ад нейкіх крокаў і дзяцей. Хаця, яшчэ раз падкрэсьліваю, нам бы гэтага не хацелася".

Цяпер бацькоўскі камітэт рыхтуе заяўку ў гарвыканкам з просьбай дазволіць пікеты пратэсту. Выканаўца абавязкаў дырэктару ліцэю Ўладзімер Колас гаворыць, што разумее пачуцьці бацькоў і дзяцей. А вось меркаваньні саміх ліцэістаў – гаворыць навучэнка 3 курсу Ксенія Гаеўская:

(Гаеўская: ) "У прынцыпе мы гатовыя да любых акцыяў каб абараніць ліцэй. Але гэта будзе вырашацца разам на сходах. Мы згодныя на ўсё, каб толькі абараніць наш ліцэй".

Яе падтрымлівае і навучэнка 4 выпуснога курсу Каця Маркоўская:

(Маркоўская: ) "Я хачу сказаць ад імя ўсяго 4 курсу – нягледзячы на тое, што мы ўжо выпускнікі, мы будзем змагацца за ліцэй і будзем падтрымліваць любыя акцыі ў абарону ліцэю. Безумоўна, мы будзем усё гэта ўзгадняць з бацькоўскім камітэтам, настаўнікамі ды з нашай радай самакіраваньня. Будзем падтрымліваць любыя акцыі, каб абараніць наш ліцэй".

І навучэнцы, і бацькі лічаць, што найлепшым выйсьцем з гэтай стытуацыі было б рашэньне Мінадукацыі прызначыць дырэктарам ліцэю Ўладзімера Коласа, якога ліцэісты вельмі паважаюць.

Аднак у Міністэрстве адукацыі прыслухоўвацца да патрабаваньняў навучэнцаў і іхных бацькоў не зьбіраюцца. Як паведаміла прэсавы сакратар міністра Іна Місюкевіч, новапрызначаную дырэктарку ліцэю Тамару Шчарбачэвіч ніхто здымаць з пасады не зьбіраецца. Паводле Іны Місюкевіч, пасьля заканчэньня трохтыднёвых курсаў беларускай мовы спадарыня Шчарбачэвіч прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў у ліцэі.
XS
SM
MD
LG