Як лічыць аўтар артыкулу – журналіст Райнгард Вэзэр, падобная гісторыя ёсьць даволі звыклай для беларускага рэжыму. Кіраўніку краіны не спадабаўся адзін з матэрыялаў выданьня, і Міністэрства інфармацыі заявіла, што публікацыя ўвяла ў зман насельніцтва краіны і да таго ж зьняважыла гонар і годнасьць прэзыдэнта.
Канфрантацыя паміж незалежнымі СМІ і ўладамі доўжыцца ў Беларусі амаль 10 гадоў, ад часу прэзыдэнства Аляксандра Лукашэнкі. За гэты час ў краіне быў зачынены шэраг недзяржаўных выданьняў, некаторыя журналісты былі ўвогуле пазбаўленыя волі за сваю прафэсійную дзейнасьць. Паводле галоўнага рэдактара “БДГ” Сьвятланы Калінкінай, апошнія дзеяньні з боку беларускага кіраўніцтва ў дачыненьні да выданьня ёсьць чарговай эскаляцыяй у гэтым канфлікце.
Сярод беларускіх чытачоў “БДГ” – адна з самых папулярных газэт. Яна мае наклад 65 тысячаў экзэмляраў штотыдзень. За 11 гадоў свайго існаваньня рэдакцыя прыклала шмат намаганьняў, каб зрабіць з “БДГ” сур’ёзнае і саліднае выданьне. Журналісты газэты імкнуцца пісаць пра ўлады такім самым чынам, як і пра апазыцыю – карэктна, аб’ектыўна, калі трэба крытычна. Пра іншыя незалежныя выданьні такое, нажаль, скажаш далёка не заўсёды. Ціск на газэту з боку ўладаў існуе пэрманэнтна, аднак такі захад як забарона ажыцьцяўляецца ўпершыню. Выданьне “БДГ” лічыцца дастаткова моцным эканамічна і спадзяецца выстаяць у часе вымушанай трохмесячнай паўзы. “Калі ж паўза працягнецца большы тэрмін, гэта можа азначаць канец для газэты”, – перакананая галоўны рэдактар Сьвятлана Калінкіна.
Як піша нямецкая “Frankfurter Allgemeine”, нельга сьцьвярджаць, што выпадак з “БДГ” ёсьць чымсьці экстраардынарным ва ўмовах беларускага рэжыму. Самым апошнім часам чарговае папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі атрымалі яшчэ тры незалежныя беларускія газэты. Гэта азначае, што наступным разам гэтыя рэдакцыі можа напаткаць лёс менскага выданьня. Вядома таксама, што міністар інфармацыі Падгайны нядаўна зьвярнуўся да свайго маскоўскага калегі Лесіна з тым, каб паставіць на месца маскоўскае выданьне “Известия” за асьвятленьне беларускай тэматыкі. Некаторыя беларускія дзяржаўныя выданьні ўжо назвалі менскую карэспандэнтку “Известий” “прадажным пісакам”. Акрамя таго, журналістку могуць пазбавіць права на акрэдытацыю.
Што да “БДГ”, то, нягледзячы на забароны, газэта па-ранейшаму будзе выходзіць. Аднак у іншай форме. Свае поласы пацярпелай рэдакцыі гатовыя прадставіць многія незалежныя беларускія выданьні. Сёньня першы пасьля закрыцьця нумар “БДГ” меўся выйсьці пад назвай “Салідарнасьць”. ”Менавіта салідарнасьць ўвесь гэты час была галоўнай умовай для выжываньня апазыцыйных СМІ”, – перакананая Сьвятлана Калінкіна. Наўрад ці Міністэрства інфармацыі будзе бязьдзейнічаць ў зьвязку з такім крэатыўным падыходам рэдакцыі да забароны выданьня. Учора беларускі лідэр выдаў загад, каб на кожным прадпрыемстве існаваў свой намесьнік па ідэялягічных пытаньнях. Менавіта ў кампэтэнцыі гэтых ідэолягаў і будзе рэгуляваньне ўсіх складаных ідэйных пытаньняў, – піша “Frankfurter Allgemeine”.