Гаворыць Чэслаў Сэнюк, вядомы перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову, былы сябра Саюзу Беларускай Моладзі, які жыве ў Варшаве.
(Сэнюк: ) “Янка адыйшоў у часе, калі ён разгортваў сваю дзейнасьць на карысьць Беларусі, на карысьць інфармацыі пра найноўшую гісторыю Беларусі. Я зь вялікай павагай ставіўся да ягоных распрацовак, у прыватнасьці, у справе СБМу, мэтай якіх было неяк выратаваць добрае імя гэтай арганізацыі. Таму вельмі шкада, што ён не пасьпеў зрабіць шмат чаго больш”.
Гаворыць Галіна Васько, асьпірантка Варшаўскага ўнівэрсытэту, дасьледчыца гісторыі Беларусі ў часе другой сусьветнай вайны.
(Васько: ) “Калі я пісала сваю дыплёмную працу, то шмат сустракалася зь людзьмі, такімі, як Янка. Ужо пасьля першай, другой сустрэчы, калі я запісвала ягоныя ўспаміны, я зразумела, што проста хачу слухаць гэтага чалавека. Слухаць і вучыцца ў яго, як жыць. Прайшоўшы страшныя лягеры, ён не адчуваў крыўды і злосьці. Калі б мяне нехта спытаўся, якім трэба быць, каб пражыць жыцьцё годна, каб быць патрэбным, я б адказала, што трэба быць такім, як Янка”.
Успамінае Кастусь Рамановіч, былы сябра наваградзкай арганізацыі СБМ, які дзейнічаў пад кіраўніцтвам Янкі Жамойціна. Кастусь Рамановіч – былы вязень ГУЛАГу, жыве ў Пінску.
(Рамановіч: ) “У той час, калі арганізоўваўся СБМ, Янку Жамойціна накіравалі ў Наваградак, каб кіраваць тут гэтай арганізацыяй. Потым нашыя дарогі разышліся, і толькі некалькі гадоў таму мы спаткаліся. Я быў у ягонай варшаўскай кватэры. Ён мяне вельмі шчыра прыняў і нават ахвяраваў на маё лячэньне 50 даляраў. Справа ня ў гэтым, але я проста хачу падкрэсьліць, які ён быў добры чалавек. Няхай варшаўская зямля будзе Янку такой, як ягоная родная беларуская. Вечная памяць яму”.