Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДЫЁ “СТАЛІЦА” ПРАЦЯГВАЕ ПЕРАДАЧЫ Ў FM-ДЫЯПАЗОНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З 1 чэрвеня, паводле ранейшых заяваў кіраўніцтва дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, у FM-дыяпазоне павінна было спыніць свае перадачы радыё "Сталіца" – адзіная беларускамоўная FM-станцыя. Ёй плянавалася аддаць частату ў ультракароткім дыяпазоне, на якой раней вяшчала расейская станцыя "Маяк". Але заплянаваныя тэрміны пераводу "Сталіцы" не былі датрыманыя, сёньня, як і раней, станцыя працуе на сваёй частаце 103,7. Чаму перавод не адбыўся і на які дзень ён перанесены, кіраўніцтва Беларускага радыё, якое кіруе "Сталіцай", не паведамляе. Там толькі кажуць, што не адмовіліся ад плянаў пераводу "Сталіцы" з FM-дыяпазону на частату, дзе раней выходзіў у эфір "Маяк". Таксама ў Белтэлерадыёкампаніі паведамілі, што "Сталіца" будзе рэтрансьлявацца па правадной сетцы.

Між тым, многія слухачы радыё "Сталіца" шкадуюць, што хутка станцыя спыніць сваё вяшчаньне ў FM-дыяпазоне. Пра гэта мне заявіла адказная супрацоўніца радыё "Сталіца" Алена Чагіна, якая спаслалася на тэлефанаваньні і лісты слухачоў. Што да прычынаў пераводу станцыі на іншыя хвалі, яны ёй невядомыя:

(Чагіна: ) “Таксама нічога ня ведаем. Гэта ўсё тайна”.

Вядомы радыёжурналіст і музыка Аляксандар Памідораў, які працаваў на FM-станцыях “Альфа радио”, “Радио Би-Эй” і радыё "Рацыя" перакананы, што кіраўніцтва Дзяржтэлерадыёкампаніі робіць памылку, калі думае, што перавод "Сталіцы" на хвалі "Маяка" дадасьць папулярнасьці гэтай станцыі.

(Памідораў: ) "Магчыма, яны вырашылі, што на УКВ "Сталіцы" будзе лепш, бо гэты дыяпазон слухае больш людзей. Але гэта памылка, што даказаў досьвед “Радио Би-Эй”. Людзі усё больш купляюць сучасныя FM-прыймачы, час УКВ мінае, гэта зразумела".

Дарэчы, беларускаму слову з FM-эфірам ўстойліва не шанцуе. Да 1997 году ў FM-дыяпазоне працавала толькі недзяржаўнае беларускамоўнае “Радыё 101,2", якое было зачыненае ўладамі за месяц да рэфэрэндуму 1996 году нібыта з тэхнічных прычынаў і далей у эфір не выходзіла. Радыё "Сталіца" зьявілася ў гэтым дыапазоне тры гады таму, але таксама, як бачым, не ўтрымалася.

Дагэтуль застаецца адкрытым і пытаньне, каму дастанецца вызваленая "Сталіцай" частата 103,7. Паводле некаторых зьвестак, на яе прэтэндуюць адразу некалькі груповак, якія маюць уплыў ва ўладных колах. У якасьці умоўных назваў новай станцыі называюць "Радыё Мінск", "Радыё Ракурс" ды іншыя. Але вядома дакладна, што сярод канкурэнтаў беларускамоўнай станцыі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG