Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД У СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ МОЛАДЗЕВАГА ХРЫСЬЦІЯНСКА-САЦЫЯЛЬНАГА ЗЬВЯЗУ


Галіна Абакунчык, Менск

Больш за дзьве гадзіны прадстаўнік Управы грамадзкіх аб’яднаньняў Аляксандар Харытон прысьвяціў выкладаньню абвінавачаньняў, выстаўленых Мін’юстам на адрас "Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу". Гэта рэгістрацыя юрыдычнага адрасу на прыватнай кватэры, неадпаведнасьць пячаткі ўсталяваным стандартам, а таксама, нібыта, фальсыфікацыі подпісаў і пратаколаў зьездаў, якія адбыліся яшчэ ў 1999 й 2002 гадах. Прычым, гэта не перашкодзіла Мінюсту перарэгістраваць арганізацыю, а цяпер раптам распачаць яе ліквідацыю. Гаворыць адвакат адказчыка Павал Сапелка:

(Сапелка: ) "Частка парушэньняў, на якую спасылаецца прадстаўнік Мін’юсту, ня будзе пацьверджаная падчас судовага працэсу. Безумоўна, што гэты факт – адзін з шэрагу ў справах аб ліквідацыі. І гэта вельмі зьдзіўляе, бо ўсё адбываецца ў той час, калі прэзыдэнт кажа, каб моладзевым рухам і моладзі ўцэлым дзяржава забясьпечвала падтрымку, роўныя правы й гэтак далей".

Неадпаведнасьць словаў высокіх чыноўнікаў рэчаіснасьці ўдзельнікі працэсу ўгледзелі гэтаксама ў самім факце пачатку судовага паседжаньня. Рэч у тым, што падчас грамадзкіх слуханьняў, прысьвечаных праблеме ўзаемаадносінаў дзяржавы й трэцяга сэктару, кіраўнік Управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міхаіл Сухінін заявіў, што Мін’юст прыпыніў разгляд аналягічных пазоваў, выстаўленых яшчэ тром грамадзкім аб’яднаньням. Вось як гэта пракамэнтаваў намесьнік кіраўніка “Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу” Андрэй Казакевіч:

(Казакевіч: ) "Факты сьведчаць не на карысьць таго, што кажа сп. Сухінін і Мін’юст уцэлым. У нас няма асаблівых ілюзіяў адносна таго, што тут усё будзе адбывацца ў адпаведнасьці зь літарай і духам закону. Гэта відавочна, што адразу чатыры пазовы аб ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, плюс справа з “БДГ” – гэта частка маштабнай кампаніі, наступствы якой цяжка нават прадказаць. Але мы, прынамсі, паспрабуем даказаць, што мы не вінаватыя ні ў якіх парушэньнях заканадаўства".

На чыю карысьць будзе вырак Вярхоўнага суду, стане вядома найбліжэйшымі днямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG