Адны кажуць, што эканамічныя цяжкасьці вымушаюць амбасаду зьвесці да мінімуму свае выдаткі, другія, што амбасада, якой не хапае грошай на дзейнасьць у звычайных для дыпляматычных місіяў такога рангу памерах, мусіць увогуле зачыніцца.
У амбасадзе Сэрбіі і Чарнагорыі, куды я зьвярнуўся па даведку, са мной размаўляла толькі сакратарка–грамадзянка Беларусі:
(Сакратарка: ) “Пакуль што ня варта гэта мусіраваць, разумееце. Гэта ўсё пад пытаньнем, пад пытаньнем усё, ніхто дакладна яшчэ нічога ня ведае. Таму магчыма тое, магчыма сёе. Гэта ўсё яшчэ як бы будзе вырашацца, на працягу месяца можа ўсё будзе ясна”.
Атрымаць больш дакладную інфармацыю ў Менску зараз немагчыма. Тут проста няма людзей, якія маглі б яе прадаставіць. Супрацоўнікі амабасады зьехалі з Беларусі.
(Сакратарка: ) “Супрацоўнікі зьехалі. Можа, хто-небудзь прыедзе іншы. Пакуль нічога ня ведаем. Мы тут самі ў падвешаным стане застаемся”.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных гаворыць, што афіцыйна дыпляматы з Сэрбіі і Чарнагорыі ў замежнапалітычнае ведамства Беларусі не зьвярталіся.
(Савіных: ) “Афіцыйна працэдура закрыцьця амбасады прадугледжвае афіцыйнае ўведамленьне пра гэта МЗС краіны знаходжаньня. Да гэтага часу МЗС Беларусі такога ўведамленьня не атрымліваў”.
Амбасада Югаславіі, як яна першапачаткова называлася, пачала працаваць у Менску ў 1998 тодзе, яшчэ тады, калі гэтую краіну узначальваў Слабадан Мілошавіч. Дарэчы, Сэрбія і Чарнагорыя застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, зь якімі Беларусь падтрымлівае бязьвізавыя стасункі.
Што тычыцца беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Белградзе, дык тут беларуская амбасада пачала працаваць у 1996 годзе. Тады яе ўзначальваў Валеры Брылёў. У 2001 годзе яго зьмяніў былы старшыня КГБ Беларусі Ўладзімер Мацкевіч.